Як паведаміў увечары 15 верасня тэлеканал «Беларусь 1», указ аб памілаванні быў падпісаны напярэдадні гэтак званага Дня народнага адзінства.
Імёнаў не называюць.
Намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Вольга Чупрыс распавяла ў эфіры «Беларусь 1», што большасць з памілаваных «здзейснілі злачынствы праз інтэрнэт і шчыра раскайваліся». Але былі асуджаныя за «хуліганства» або ўдзел у «масавых беспарадках». У дзевяці з трынаццаці памілаваных ёсць няпоўнагадовыя дзеці.
Нагадаем: у жніўні Юрый Васкрасенскі перадаў у адміністрацыю Лукашэнкі спіс са 100 рэпрэсаваных, якіх ён прапанаваў памілаваць. Вольга Чупрыс распавяла ў інтэрвʼю «Беларусь 1», што ў тым спісе адсутнічалі выразныя крытэры, якія маглі б служыць падставаю для вызвалення ўсіх уключаных туды асобаў.
Паводле чыноўніцы, чвэрць фігурантаў спісу Васкрасенскага не маюць яшчэ прысудаў або выракі ў іхных справах пакуль не набылі законнай моцы, таму камісія іхныя кандыдатуры не разглядала. Яшчэ 17 чалавек – нібыта зацятыя парушальнікі рэжыму адбыцця пакарання, а сведчыць пра гэта тое, што яны «не сталі на шлях выпраўлення».
Чупрыс таксама заявіла, што больш за дзясятак асобаў здзейснілі злачынствы, звязаныя з карупцыяй, незаконным абаротам наркотыкаў ці зброі. 6 чалавек раней былі пад судом.
«Акрамя таго, былі тыя, хто адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні», – дадала яна.
ІІ belsat.eu