Блізкія Уладзіслава Чакалава распавялі «Белсату», што 16 верасня яго адвезлі на памежны пераход «Новыя Юркавічы», каб там перадаць памежнікам Беларусі.
Уладзіслаў сцвярджае, што працэдура экстрадыцыі ў дачыненні яго не была выкананая.
Уладзіслаў Чакалаў – грамадзянін Беларусі ды Ізраілю, прадпрымальнік. У Беларусі на мужчыну завялі крымінальную справу за фінансаванне пратэставай дзейнасці і ўхіленне ад сплаты падаткаў.
Мы звязаліся са знаёмым Уладзіслава, які распавёў, што мужчына хацеў з Расеі пешшу перайсці ва Украіну. Яго затрымалі на мяжы. Адбывалася гэта прыкладна тры тыдні таму. Затрыманне было жорсткім: беларуса збілі, выбілі зубы, потым завезлі ў лагер для нелегальных мігрантаў.
Расейскі суд пастанавіў вывезці Чакалава ў Беларусь, бо нібыта скончыўся тэрмін дзеяння ягонага ізраільскага пашпарта:
«Прымаючы пад увагу, што тэрмін дзеяння пашпарта грамадзяніна Ізраілю на імя Чакалава В. І. скончыўся, а доказаў працягнення тэрміну дзеяння пашпарта не было пададзена, суддзя лічыць, што прымусовае выправаджванне Чакалава В. І. за межы Расейскай Федэрацыі варта зрабіць у Рэспубліку Беларусь».
На 21 верасня прызначылі разгляд скаргі аб выдачы Чакалава ў Беларусь для прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Суддзя не палічыў гэта паважнай прычынаю, каб пакінуць беларуса ў Расеі.
Таксама знаёмы Уладзіслава ў размове з «Белсатам» зазначыў, што консул Ізраілю ў Расеі выдаў дазвол на вяртанне Уладзіслава на радзіму. Гэтага суд таксама не ўлічыў.
Наш суразмоўца распавёў, што Уладзіслаў сам патэлефанаваў яму і сказаў, што яго вязуць на мяжу. Каля 14:30 сувязь з ім абарвалася.
ГГ belsat.eu