Найвялікшы мітынг у гісторыі Беларусі: што было 16 жніўня 2020 года


Два гады таму сотні тысяч чалавек выйшлі на акцыю пратэсту ў Менску, яшчэ тысячы чалавек – у іншых гарадах, ад Горадні да Крычава.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня 2020 года. Mенск, Беларусь.
Фота: Белсат

Днём 16 жніўня 2020 года ў Менску сабраўся гіганцкі «Марш свабоды» – у ім, паводле розных ацэнак, узялі ўдзел ад 200-250 тысяч чалавек да 400-500 тысяч. Гэтая акцыя стала найбуйнейшым пратэстам у гісторыі Беларусі. Але не выключана, што нават больш людзей выйшлі на «Марш новай Беларусі» праз тыдзень – 23 жніўня 2020 года.

Людзі выказвалі пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў (на якіх, паводле незалежных падлікаў, Святлана Ціханоўская перамагла ў першым туры з 56 % галасоў) і гвалту сілавікоў. Менавіта 16 жніўня сілавікі амаль не ўмешваліся ў акцыі пратэсту – што было дзіўна пасля брутальных разгонаў акцыяў 9-11 жніўня. Масавыя затрыманні аднавіліся ўжо ў канцы месяца.

Фота: Vot Tak TV / Белсат
Фота: Vot Tak / Белсат
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Пратэсты ў той дзень прайшлі ці не ў кожным буйным горадзе Беларусі. Мітынгавалі Берасце (на фота ніжэй), Бабруйск, Барысаў, Белаазёрск, Віцебск, Вялейка, Горадня, Дзяржынск, Дзятлава, Жлобін, Жодзіна, Карэлічы, Крычаў, Лунінец, Мёры, Паставы, Пінск, Слонім, Старыя Дарогі, Чавусы… І гэта пералічаныя толькі тыя гарады, дзе былі карэспандэнты «Белсату» або адкуль чытачы прысылалі нам фота і відэа.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 года. Берасце, Беларусь.
Фота: Белсат

У Гомлі ў той дзень быў жалобным: прайшло развітанне з забітым сілавікамі Аляксандрам Віхорам.

Фота
У Гомлі развіталіся з Аляксандрам Віхорам. Ён стаў другой ахвярай міліцэйскага бязмежжа
2020.08.16 14:55

Таксама ў той дзень у Менску бюджэтнікаў сагналі на праўладны мітынг на плошчы Незалежнасці. Там выступіў Аляксандр Лукашэнка – паабяцаў не аддаваць краіну нават калі будзе мёртвым.

Аналітыка
Тысячы вязняў і эмігрантаў, сотні «экстрэмістаў»: два гады пасля выбараў 2020 года ў лічбах
2022.08.09 13:56
Дзесьці ў Беларусі. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Белсат

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў