На яшчэ адзін «Байрактар» для Украіны пачалі збор грошай у Латвіі


Раней грошы на «Байрактары» збіралі ва Украіне, у Літве і Польшчы. Вытворца абяцаў аддаць беспілотнікі бясплатна, а сабраныя грошы збіраліся перавесці на боепрыпасы і іншыя патрэбы.

На платформе Ziedot.lv адкрыўся збор 5 млн еўраў на беспілотнік «Байрактар», які ад імя Латвіі хочуць набыць для Украіны. Акцыю ініцыявалі латышскі музыка і тэлевядоўца Ральфс Эйландс і ягоны ўкраінскі сябра Уладзімір Бірукоў. На момант публікацыі сабралі ўжо 107 тысяч еўраў. Беспілотнік гатовае закупіць Міністэрства абароны Латвіі, сцвярджаюць ініцыятары збору.

Латвія на афіцыйным узроўні падтрымлівае Украіну. Напрыклад, за дзень да пачатку збору ва Украіну прыбылі яшчэ шэсць амерыканскіх гаўбіцаў М109 ад Латвіі. Днём раней прэзідэнт Латвіі заклікаў перагледзець выдадзеныя краінай віды на жыхарства і візы і ануляваць іх прыхільнікам вайны.

У канцы ліпеня палякі і беларусы Польшчы сабралі такую ж суму на «Байрактар», а турэцкая кампанія «Baykar Makina» бясплатна перадасць Украіне беспілотны апарат. «Baykar» рабіла так і раней, калі літоўцы сабралі 6 млн еўраў за тры дні, а ўкраінцы сабралі грошы аж на тры «Байрактары» – усе беспілотнікі абяцалі перадаць бясплатна.

Hавiны
Беларусаў на ўездзе ў Латвію пытаюцца, ці падтрымліваюць яны вайну. Некаторых не прапусцілі, а візы анулявалі
2022.07.29 18:53

«Bayraktar TB2» – турэцкі ўдарны беспілотнік сярэдняй вышыні палёту, што распрацоўваўся з 2007 года і ўпершыню падняўся ў неба ў 2014-м. Апарат можа кіравацца з далёкасці да 150 км і быць у паветры больш чым 24 гадзіны, можа несці дзве супрацьтанкавыя ракеты з лазернай наводкай або чатыры высокадакладныя авіябомбы. Такія беспілотнікі выкарыстоўвае як сама Турцыя, так і Украіна, Польшча, Азербайджан, Кыргызстан, Туркменістан, Катар, Марока, Пакістан ды іншыя.

Рэвалюцыйная асаблівасць «Байрактара» – параўнальна невысокая цана, бо аналагі каштуюць дзясяткі мільёнаў долараў. Эфектыўнасць «Байрактараў» на вайне ва Украіне ацэньваюць па-рознаму, адзначаюць іх уразлівасць адносна сістэмаў супрацьпаветранай абароны. Але «Байрактарамі» знішчылі ўжо нямала расейскай ваеннай тэхнікі, у тым ліку караблі, а беспілотнікі сталі ва Украіне мэмам, якому прысвячаюць песні.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў