«Хацела б мець пад той БЧБ-сукенкай аўтамат». Сімвалы беларускай рэвалюцыі – праз год пасля самай маштабнай акцыі


Да гадавіны найбольш маштабнай акцыі пратэсту ў гісторыі Беларусі «Белсат» паразмаўляў з асобамі, якія асацыююцца з беларускай рэвалюцыяй. Як цяпер жывуць тыя, пра каго ў 2020-м пачула ўся краіна? Што б яны змянілі, калі б з’явілася такая магчымасць? З якімі словамі хацелі б звярнуцца да беларусаў?

На 8-ы дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі працягнуліся пратэсты. Масавыя акцыі адбыліся не толькі ў сталіцы, але і ў абсалютнай большасці беларускіх гарадоў. У Менску прайшоў самы масавы за ўсю найноўшую гісторыю мітынг — Агульнаграмадзянскі Марш за свабоду. У ім узялі ўдзел, паводле розных падлікаў, ад 200 да 350 тысячаў чалавек. Дэманстранты патрабавалі адстаўкі Лукашэнкі. Менск, Беларусь. 16 жніўня 2020 года.
Фота: Vot Tak TV / Белсат

Сцяпан Пуціла

Аўтар самага папулярнага тэлеграм-каналу ў Беларусі – каналу NEXTA – Сцяпан Пуціла пасля гарачага жніўня 2020 года быў абвешчаны ў міжнародны вышук за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Выява Сцяпана Пуцілы на мітынгу. Менск, Беларусь. 30 жніўня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Сцяпан кажа, што беларускае грамадства за прамінулы год пасталела на пяцігодку.

– Той спектр эмоцыяў, які быў падчас леташніх пратэстаў, застаецца і дагэтуль, бо супраціў працягваецца ў розных формах: не толькі на плошчах, але ў інтэрнэце, у эканамічнай сферы, – мяркуе Сцяпан. – Але тое, што было ў мінулым годзе, – гэта, канечне, незабыўна. І гэта змяніла жыццё назаўжды. Тыя эмоцыі, тыя перапады, кантрасты, натхняльныя моманты, шакавальныя моманты – гэта ўсё застаецца з табой назаўжды.

Калі б можна было адматаць час назад – я б гучней, мацней паўсюль казаў бы пра тое, што нельга спыняцца, трэба даводзіць справу да канца, бо як толькі мы дзесьці паслабімся, – Лукашэнка адразу ж возьме сітуацыю пад свой кантроль.

Сцяпан лічыць, што беларуская рэвалюцыя не скончылася, а толькі набыла іншыя формы і тое, што людзей не відаць на вуліцах, – нічога не значыць.

– Гэта ўсяго толькі наступства наймаштабнейшых рэпрэсіяў, якіх не мела цывілізаваная Еўропа, на працягу трыццаці апошніх гадоў дакладна. І тое, што людзі баяцца паказваць свой супраціў на вуліцах, – натуральна, таму што ў іх страляюць, іх катуюць у турмах, некаторых забіваюць, як Вітольда Ашурка, як Рамана Бандарэнку. І, вядома ж, становіцца страшна, і гэта натуральнае пачуццё. Аднак тое, што адбылося. – гэта сапраўды змяніла грамадства, і за гэты год мы сталі больш крэатыўныя, больш разумныя, больш аб’яднаныя. І беларуская рэвалюцыя працягваецца, працягваецца ў розных формах: гэта і эканамічны супраціў, гэта ўзломы ад кіберпартызанаў, гэта стрыт-арт, гэта акцыі прамога дзеяння, розныя партызанскія метады супраціву. Таму трэба працягваць змагацца, не складаць рук, не ўпадаць у адчай і дэпрэсію, бо менавіта гэтага і хочуць дзейныя ўлады, і менавіта гэта нам не дапаможа перамагчы.

Артыкулы
Самая масавая ў гісторыі Беларусі акцыя пратэсту у фотаздымках
2021.08.16 08:30

Байкерша з цыгарэтай

Яну сталі пазнаваць дзякуючы фотаздымку, на якім адлюстраваны звычайны лад жыцця падчас нязвыклага стану ў краіне: дзяўчына запаліла цыгарэту, калі яе затрымлівае АМАП. Гераіні фота давялося з’ехаць з краіны. Дзяўчына кажа, што прамых пагрозаў ад уладаў ці сілавікоў на ейны адрас не гучала, але тое было толькі пытаннем часу.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў затрымліваюць Яну, якая ўдзельнічае ў мітынгу на праспекце Пераможцаў. Менск, Беларусь. 20 верасня 2020 года.
Фота: Валерый Шарыфулін / ТАСС / Forum

З’ехаць давялося праз страх за ўласныя свабоду, здароўе і жыццё. Да таго ж, яна не хацела падвяргаць небяспецы родных.

– Калі б я магла нешта змяніць, то адназначна памяняла б гэты кляты савецкі рабскі менталітэт у людзей: народ абураецца несправядлівасцю і жорсткасцю, але выступаць супраць яе баіцца. Мірны пратэст у нейкі момант мусіць перастаць быць мірным, калі праблема не вырашаецца. У Беларусі такіх момантаў было больш чым дастаткова. А цяпер мы маем тое, што маем: страх, зачысткі, судзілішча і чаканне таго, што заўтра ЕЗ увядзе нейкую новую чароўную санкцыю, пасля якой Беларусь імгненна ператворыцца ва ўтопію, а Лукашэнку ад такіх навінаў удар хопіць. Не было б перажыткаў СССР у галовах – было б іншае стаўленне і іншы вынік, – кажа дзеўчына.

Яна мяркуе, што Беларусь з мінулага года моцна змянілася. Сярод іншага, з’явілася шмат страху і самацэнзуры.

– Хочацца зразумець, ці вартыя чагосьці словы «Не забудзем, не даруем», але я ўпэўненая, што кожны беларус пакрыўдзіцца і скажа, што мне з-за мяжы, вядома ж, лепш відаць, што адбываецца ў Беларусі, што пратэст проста точыць косы, што ёсць і партызаншчына, і наогул гэта ўсё не тэлефонныя размовы. Пакуль, на жаль, у асноўным усё адбываецца на словах, хоць ужо даўно час дзейнічаць. А казаць, што ўсё будзе добра, ужо сілаў няма.

Нічога не будзе добра, пакуль народ трывае забойцу ва ўладзе.

БЧБ-нявеста

Іна Зайцава, якую беларусы памятаюць як БЧБ-нявесту, таксама вымушаная была з’ехаць у эміграцыю разам з мужам і дзецьмі. Але яна ганарыцца скіламі, атрыманымі летась, ды кажа, што вельмі пасталела.

– Я пакінула ўсе свае блізкія сувязі, сяброў, родных у Беларусі. І не магу іх наведаць, і яны пакуль, на вялікі жаль, не могуць наведаць мяне. У астатнім я пасталела, і я вельмі ганаруся тым, праз што адбылося гэта сталенне. Я ўзяла адказнасць за сваё жыццё, за жыццё сваёй сям’і ў сваёй краіне, я актыўна выказвала ўласную грамадскую пазіцыю, і я лічу, што гэта самае галоўнае маё дасягненне. Я стала грамадзянкаю сваёй краіны за гэты год.

Марш герояў
Іна Зайцава.
Фота: ІА / Белсат

Да пераезду Іну змусілі сілавікі, якія паставілі перад ёю выбар: або яна застаецца ў Беларусі і разам з мужам сядае ў турму, або з’язджае.

– Са мной былі шчырымі прадстаўнікі органаў, якія наўпрост сказалі, што і так мяне доўга шкадавалі. Літасці больш не будзе, і маімі дзецьмі зоймуцца, пакуль я і мой муж будзем сядзець. І, сапраўды, яны доўга не адкладалі, і пасля гэтай размовы на наступны дзень майго мужа закрылі на 13 содняў.

Іна кажа, што калі б магла павярнуць час назад, то хацела б мець пад сваёй БЧБ-сукенкай аўтамат і гранату.

– Так я адчувала б сябе здольнай абараніцца. Вось гэтага пачуцця моцна не хапала мне падчас жыцця ў Беларусі апошнія паўгода. І, на жаль, закон і права не могуць цяпер абараніць нікога ў Беларусі. І становіцца праўдаю наступная ісціна: у каго аўтамат – той мае рацыю, – падводзіць вынікі года Іна.

Яна лічыць, што «рэвалюцыя скончылася, але пратэст працягваецца».

– Мы не можам больш выказваць незадаволенасць рэжымам унутры краіны: садзяць нават за белыя аркушы на вокнах. Увогуле гэта не тое, да чаго мы ўсе імкнуліся. Адназначна. Мы набілі гузакі, добра знаёмыя старым апазіцыянерам. Мы адчулі горыч паразы і несправядлівасці. Як гэта нас зменіць – пакуль для мяне гэта адкрытае пытанне. А яшчэ я сказала б беларусам: адрошчвайце зубы, мае дарагія беларусікі. Вучыце вашых дзяцей, што за праўду трэба змагацца, часта не толькі словам. Гэты досвед нам адназначна спатрэбіцца. Мы ўсе цяпер будзем разумнейшыя.

Артыкулы
«Нашай дыяспары цяжэй за ўсё». Беларусы Масквы ўжо год выходзяць на пратэст да амбасады
2021.08.13 09:36

Сям’я Шарэндаў

Паліну Шарэнду ў Берасці называюць беларускай Жаннай Д’Арк. Жанчыну асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму паводле артыкулаў «гвалт над міліцыянтам», «абраза прэзідэнта» і «абраза прадстаўніка ўлады». Ейны муж Андрэй таксама быў пад следствам і вымушаны быў з’ехаць за мяжу з-пад хатняга арышту разам з дзецьмі.

Сям’я Шарэндаў. Фота з сямейнага архіву

– Маё жыццё перакулілася з ног на галаву за гэты год, – распавядае Андрэй. – Тыя падзеі, якія адбыліся ў гэты год, – гэта гістарычныя падзеі. Пачалася рэвалюцыя, і яна дагэтуль працягваецца. Мая жонка за кратамі, а мне давялося часова з’ехаць з Беларусі. Але барацьба працягваецца. І я, і Паліна, нават будучы там за кратамі, робім усё, каб наблізіць нашую перамогу. І я веру, што яна хутка надыдзе. Менавіта вось гэтая вера ў перамогу – яна і ёсць галоўным, што здарылася за апошні год. Нягледзячы на ўсе выклікі, губляць веру ў перамогу не трэба, – упэўнены Андрэй. – Як кажуць, самы цёмны час заўжды перад світаннем. Цяпер у Беларусі пануе цёмная-цёмная ноч, але ўжо першыя нейкія промні, мне падаецца, бачныя.

Я хачу пажадаць беларусам, каб яны не складалі рук і рабілі ўсё, каб вызваліць палітвязняў, якія застаюцца ў няволі, каб наблізіць перамогу, каб Беларусь была заўжды вольная. А для гэтага трэба няшмат – проста рабіць сваю справу да канца і не вешаць нос.

Ганна Вашчанка, belsat.eu

Стужка навінаў