Кіраўнік Міністэрства замежных спраў Латвіі Эдгар Рынкевіч запатрабаваў тлумачэнняў у адказных установаў наконт візіту выхаванцаў і прадстаўнікоў Рыжскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання Academy KidsTV у Віцебск, дзе яны сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта піша Delfi.
14 ліпеня Лукашэнка выступіў на адкрыцці фестывалю «Славянскі базар» у Віцебску. Тэлеграм-канал «Пул Первого» у гэты дзень паведаміў, што Лукашэнку перад сцэнай «падлавілі журналісты рыжскай дзіцячай акадэміі радыё і тэлебачання». Паводле каналу, раней прадстаўнікі Academy KidsTV напісалі ліст у прэс-службу Лукашэнкі з просьбай у арганізацыі інтэрв’ю.
Дзяржаўная прапаганда выкарыстала візіт латвійскіх падлеткаў у Беларусь для піяру Лукашэнкі, спрабуючы стварыць яму пазітыўны вобраз – быццам бы Лукашэнка блізкі да народу і адкрыты для ўсіх. «Пул Первого» сцвярджаў, што прэс-сакратарка Наталля Эйсмант нібыта хацела перашкодзіць размове, «але мы ж ведаем Лукашэнку, ніколі не адмовіць».
Фатаграфіі і фрагменты размовы аднаго з падлеткаў, на якім было адзенне з сімволікай акадэміі, былі выкладзены ў сеціва. Напрыклад, у адным з фрагментаў Лукашэнка «раскрыў сваю формулу поспеху» – яна палягае ў тым, каб «нарадзіцца прэзідэнтам».
Міністр замежных справаў Латвіі Эдгар Рынкевіч заявіў, што МЗС папросіць адказныя ўстановы ацаніць паездку Academy KidsTV у Беларусь.
«З прычыны грубага ігнаравання рэкамэндацыяў МЗС па бяспецы падарожжаў і ўдзелу ў інфармацыйнай вайне дзейнасць такіх арганізацый недапушчальная і павінна быць спынена», – напісаў ён у Twitter.
Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі ўстрымалася ад каментароў.
Глеб Нержын belsat.eu