Па ўсёй краіне прайшла атака сілавікоў на журналістаў «Белсату». Галоўнае

Зранку 16 ліпеня супрацоўнікі сілавых структураў прыйшлі да нашых журналістаў і фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». Паводле апошніх звестак, якімі мы валодаем, ператрусы і допыты прайшлі прынамсі ў 16 журналістаў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам». Мінімум 4 журналісты застаюцца затрыманымі, іх прававы статус дакладна не вядомы.

Да каго прыйшлі

Да вядоўцы праграмы «Кожны з нас» журналіста Глеба Лабадзенкі, журналісткі Хрысціны Чарняўскай, Ганны Галёты, Любові Лунёвай, Ларысы Шчыраковай, журналістаў Сяргея Скулаўца, Яўгена Меркіса, Ігара Ільяша, гарадзенскага журналіста-фрылансера Аляксея Кайрыса і фатографа-фрылансера з Горадні Аляксандра Саенкі. Таксама прыйшлі да журналіста Паўла Мажэйкі, заснавальніка культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Горадні. Супрацоўнікі Берасцейскага крымінальнага вышуку прыходзілі ў Пінску да журналіста Віктара Ярашука.

Хрысціна Чарняўская. Фота: Khristina Hryscia Charnyauskaya / Facebook

Прыходзілі таксама да тых, каго няма ў Беларусі

У бацькоў берасцейскага журналіста Алеся Ляўчука прайшоў ператрус, паводле ч.1 арт. 342, за падзеі 13 верасня – «карагодная справа». Ператрус праводзіў ГУБАЗіК, нічога не забралі.

Вобшук прайшоў у берасцейскай журналісткі Міланы Харытонавай. Выламалі дзверы, забралі стары ноўтбук, мабільныя тэлефоны. Ляўчук і Харытонава цяпер у Грузіі. У кватэры па прапісцы журналісткі-фрылансеркі Марыі Арцыбашавай выламалі дзверы. Яе ў гэты час у кватэры не было.

Ператрусы прайшлі таксама ў кватэрах пінскага журналіста Андрэя Якімуша і ягонай маці. Сам Андрэй не ў Беларусі.

У чым вінавацяць журналістаў

Большасць журналістаў праходзяць сведкамі паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках і арганізацыі, падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак (артыкулы КК 293 і 342). Большую частку журналістаў пасля допытаў адпусцілі.

У Менскім гарадскім судзе адбыўся разгляд апеляцыі на прысуд карэспандэнткам «Белсату» Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Суддзі пакінулі прысуд без зменаў. На фота: Ігар Ільяш, муж Кацярны Андрэевай. Менск, Беларусь. 23 красавіка 2021 года. Фота: АВ / Белсат

Хто застаецца затрыманы

Журналіста Ігара Ільяша змясцілі ў ізалятар, ён праходзіць паводле двух крымінальных артыкулах – 293 і 342, але ягоны статус пакуль не вядомы. Няма сувязі з Ганнай Галётай, былой вядоўцай праграмы «Лукавыя навіны». Ганну затрымалі паводле арт. 293 КК. Таксама не вядома, дзе і ў якім статусе журналісткі Галіна Абакунчык і Любоў Лунёва.

Таксама прыходзілі да журналістаў радыё «Свабоды»

Затрымалі журналістаў «Свабоды» Інэсу Студзінскую, Алега Груздзіловіча, Валянціна Жданко. Яшчэ летась іх пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі. Таксама сілавікі выламалі дзверы ў менскім офісе «Свабоды».

З паведамлення БелТА вынікае, што журналістам «Свабоды» могуць інкрымінаваць таксама фінансаванне пратэставай дзейнасці. Дзяржаўны тэлеканал ОНТ, са спасылкаю на Следчы камітэт паведаміў, што недзяржаўныя медыі і НДА могуць мець дачыненне да «ценявога руху фінансавых сродкаў, якія сярод іншага ідуць на фінансаванне пратэставай актыўнасці».

Сілавікі прыйшлі да журналістаў Радыё «Свабода»

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер у зняволенні ў Беларусі трымаюць не менш за 30 працаўнікоў медыяў. Цягам апошніх месяцаў атаку сілавікоў зазналі TUT.by, «Наша Ніва», радыё «Свабода», «Белсат» ды шэраг рэгіянальных выданняў.

Намеснік старшыні БАЖ: Дзейнічаюць бандфарміраванні, якія не ўлічваюць ні законаў, ні права

belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны