Мінінфарм павялічыў спіс экстрэмісцкіх каналаў


Шыльда Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.
Фота: gs.by

Цяпер у ім чаты Новай Баравой і «Страны для жизни», канал Андрэя Павука і іншыя, паведамляе ўстанова.

«Страна для жизни» – рух і фонд палітвязня Сяргея Ціханоўскага, які быў зняволены больш як год таму пасля таго, як стаў збіраць подпісы за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. За яго ў кандыдаты пайшла жонка – Святлана Ціханоўская, якую «Страна для жизни» падтрымала.

Новая Баравая – папулярны сярод айцішнікаў раён пад Менскам, які быў асабліва актыўным падчас пратэстаў 2020 года. Шмат жыхароў вывешвалі сцягі, часта збіраліся на акцыі пратэсту, тролілі сілавікоў «шматпластовымі» транспаранамі, ладзілі дваровыя пераклічкі…

Працяглы час сілавікі асабліва пільнавалі Новую Баравую, у тым ліку са зброяй у руках затрымлівалі людзей. Зімой раён застаўся без вады на тры дні пасля загадкавай аварыі. Цяпер на некалькіх хмарачосах раёну сілавікі павесілі чырвона-зялёныя сцягі і патрабуюць з жыхароў грошы на ахову тых сцягоў.

Экстрэмісцкім прызналі і Telegram-канал Андрэя Павука «Рудабельская паказуха»

Блогер, які цяпер вядомы як удзельнік дуэту «Красная Зелень» з Маргарытай Ляўчук, раней паказваў абсурднае жыццё свайго роднага мястэчка і сцябаўся з чыноўнікаў. Ён жа – аўтар жартаўліва-«патрыятычнай» песні «Я из деревни», якую некаторыя ўспрынялі занадта сур’ёзна.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў