Святлана Ціханоўская пракаментавала ўдзел у саміце Рады Еўропы і сустрэчу з Зяленскім


Святлана Ціханоўская ўзяла ўдзел у саміце Рады Еўропы, на які яна была запрошана ў якасці адмысловай госці кіраўніцтвам арганізацыі. Мерапрыемства праходзіць у ісландскім Рэйк’явіку 16–17 траўня. «Белсату» ўдалося паразмаўляць з абранай прэзідэнткай Беларусі і ўзяць у яе невялікі каментар.

Ісландыя падтрымлівае дэмакратычную супольнасць

Святлана Ціханоўская выступае на саміце Рады Еўропы. 16 траўня, Рэйк’явік, Ісландыя.
Фота: tsikhanouskaya.org

Першае, што адзначыла Святлана Ціханоўская, гэта тое, што Ісландыя вельмі актыўна падтрымлівае дэмакратычную супольнасць. Яна згадала, што, калі Літва змагалася за сваю незалежнасць, то Ісландыя стала першай краінай, якая прыняла факт незалежнасці гэтай краіны.

Нягледзячы на вялікую геаграфічную адлегласць, Ісландыя «вельмі адкрытая да ўсіх грамадстваў, якія змагаюцца за дэмакратыю, за свабоду», адзначыла Ціханоўская.

«У нас вельмі добрыя, цёплыя адносіны з урадам Ісландыі, і яны змаглі нам дапамагчы, каб мы прысутнічалі тут, на саміце Рады Еўропы», – сказала Святлана Ціханоўская.

Таксама Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што Ісландыя на нацыянальным узроўні можа дапамагчы беларускім журналістам, уцекачам і палітзняволеным. Дзякуючы Ісландыі ў беларускіх дэмакратычных сілаў была магчымасць прысутнічаць на Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы і распавесці «пра жахлівы стан» беларускіх палітзняволеных.

Таксама Ціханоўская паведаміла, што агульнымі намаганнямі з Ісландыяй была падрыхтавана дарожная мапа супольных дзеянняў, таксама адбылося абмеркаванне праектаў па падтрымцы журналістаў, праваабаронцаў, палітычных уцекачоў і палітзняволеных.

Чаканні ад саміту

Святлана Ціханоўская адзначыла, што беларускай дэмакратычнай супольнасці трэба абавязкова прысутнічаць на падобным мерапрыемстве, бо «адна з нашых мэтаў – гэта ўвайсці ў Раду Еўропы, калі будзе такая магчымасць. І ўжо зараз мы павінны працаваць над праектамі, якія гэтую магчымасць наблізяць».

Дэмакратычная лідарка паведаміла, што ў рамках дарожнай мапы плануецца асобнае мерапрыемства, на якім будзе абмяркоўвацца пытанне смяротнага пакарання, з-за якога Беларусь дасюль не з’яўляецца чальцом Рады Еўропы.

На думку Ціханоўскай, прадстаўнікі беларускай дэмакратычнай супольнасці павінны працаваць у Радзе Еўропы ўжо зараз, «пускаць тут карані, напрацоўваць сувязі, каб у будучыні, пасля пераменаў, гэты працэс быў вельмі хуткі». Таксама Рада Еўропы можа быць адным з гарантаў незалежнасці Беларусі, падкрэсліла Ціханоўская, «і нам вельмі важна, каб Беларусь не была паглынута Расеяй. І калі ў Радзе Еўропы будзе абмяркоўвацца пытанне будучыні Еўропы, каб незалежная Беларусь была суб’ектам гэтых перамоваў».

Сустрэча з Зяленскім

Святлана Ціханоўская таксама пракаментавала і сустрэчу з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Нагадаем, што 14 траўня па сродках масавай інфармацыі разляцеліся кадры, дзе яны паціскаюць адно аднаму рукі.

«У працэсе ўзнагароды, – адзначыла Святлана Ціханоўская, – я павіншавала яго. Мы перакінуліся парай словаў, але гэта не была паўнацэнная сустрэча. Я б хацела, каб наша першая афіцыйная сустрэча была такой білатэральнай, а не на хаду».

Таксама Ціханоўская падкрэсліла, што ўкраінскі бок стаў больш адкрытым да камунікацый.

«Мы бачым, што рыторыка прэзідэнта Зяленскага мяняецца, што датычыцца Беларусі. Мы ўсе чыталі яго інтэрв’ю, дзе ён разумее сітуацыю: што беларусы змагаюцца і за сябе, і дапамагаюць Украіне, як могуць. Але нягледзячы на тое, якая будзе камунікацыя, мы будзем падтрымліваць Украіну. Бо перамога Украіны – у інтарэсах Беларусі».

Hавiны
Ціханоўская прыбыла ў Ісландыю на саміт Рады Еўропы
2023.05.16 14:08

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў