Якія павінны быць крытэры допуску спартоўцаў з Беларусі і Расеі на Алімпійскія гульні?


У Талліне адбылася першая канферэнцыя, арганізаваная беларускімі вольнымі спартоўцамі і атлетамі з Украіны.

Аляксандр Апейкін (у цэнтры). Фота арганізатараў канферэнцыі

Беларускі Фонд спартовай салідарнасці (BSSF) – адзіная на сённяшні дзень рукапаціскальная нацыянальная спартовая арганізацыя Рэспублікі Беларусь. Яе прадстаўнікі яшчэ год таму ініцыявалі правядзенне канферэнцыі, назва якой гучала як «Athletes for Peace and Freedom» («Атлеты за мір і свабоду»). Урэшце, і рыхтавалася падзея амаль год. Пасля пачатку вайны ва Украіне стала зразумела, што спорт аддаляецца ад шматлікіх прыхільнікаў, якія гадамі заўзелі за тых ці іншых спартоўцаў, за тыя ці іншыя каманды. Спорт заўсёды быў найважнейшым элементам яднання людзей, выроўнівання іх сацыяльнага і гендарнага статусу. А з іншага боку, аўтарытарныя кіраўнікі выкарыстоўвалі яго ў мэтах прапаганды сваёй палітыкі.

Канферэнцыя «Атлеты за мір і свабоду» паставіла адной з мэтаю даць бой такім урадам, а заадно і тым спартоўцам, якія іх падтрымліваюць. То бок вызначыць крытэры, паводле якіх атлеты Расеі і Беларусі могуць быць дапушчаныя да буйных міжнародных спаборніцтваў. Імпрэза адбывалася на некалькіх пляцоўках:

  • «Спартоўцы і іх адказнасць за дзеянні сваіх урадаў: роля спорту ва ўзнаўленні міру ва Украіне»;
  • «Спорт па-за палітыкаю. Наколькі актуальны гэты прынцып у аўтарытарных краінах, дзе ён ёсць зброяй прапаганды»;
  • «Вобраз сучаснага спартоўцы: адказнасць спорту ва ўрэгуляванні міру, прасоўванні каштоўнасцяў свабоды і правоў чалавека»;
  • «Палітыка Міжнароднага алімпійскага камітэту і міжнародных федэрацыяў датычна прыёму расейскіх і лукашэнкаўскіх спартоўцаў. Ці можна параўноўваць тэрміны «канфлікт» і «вайна»?
  • «Праекты і праграмы дапамогі ўкраінскім спартоўцам у часе вайны».

Спікерамі і мадэратарамі канферэнцыі выступалі кіраўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін, былыя зняволеныя – срэбны прызёр Алімпіяды ў Пекіне, шматборца Андрэй Краўчанка ды галоўны трэнер гандбольнага клубу «Віцязь» Канстанцін Якаўлеў, шматборца Яна Максімава, былы старшы трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па фехтаванні Аляксандр Мікалайчук, экс-дырэктар хакейнага клубу «Лакаматыў» (Ворша) Яўген Мазура, трэнер па каратэ, бронзавы прызёр чэмпіянату свету 2017 года Віталь Рак, палітолаг і спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў, спартовы менеджар, прадстаўнік Беларускага фонду спартовай салідарнасці ў Літве Сяргей Свіркоў, нарадзінец Менску, але ўжо 30 гадоў як уладальнік адвакацкай канторы ў ЗША, чалец управы Фонду «AthletesForFreedom» Дзмітрый Дубаграеў, праваабаронца Валдзіс Фухаш, кіраўнік парталу «Tribuna» ў Беларусі і ва Украіне Максім Беразінскі, кіраўнік міжнароднага дэпартаменту Беларускага фонду спартовай салідарнасці Анатоль Котаў.

Фота арганізатараў канферэнцыі

А таксама: палітолаг Аркадзь Мошэс, палітолаг Яўген Магда. І, уласна, украінскія былыя і цяперашнія спартоўцы: бронзавы прызёр Алімпіяды ў Токіа каратыст Станіслаў Гаруна, бронзавая медалістка лонданскіх Гульняў (2012) і чэмпіёнка свету ў скачках трайным, дэпутатка Вярхоўнай Рады Украіны Вольга Саладуха, гулец нацыянальнай зборнай Украіны па гандболе, шматразовы ўдзельнік матчаў Лігі чэмпіёнаў Еўрапейскай гандбольнай федэрацыі Дмітро Дарашчук, трэнер зборнай Ірландыі па гандболе, ліцэнзаваны нью-ёркскі юрыст, выпускнік Джорджтаўнскага ўніверсітэту і Лонданскай школы эканомікі Раман Абраменка, прэзідэнт спартовага камітэту Украіны Ілля Шаўляк, дырэктар Дэпартаменту моладзі і спорту выканаўчага органу Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі, віцэ-прэзідэнтка НАК па Кіеўскай вобласці Юлія Хан, прадстаўніца мастацкай гімнастыкі Надзея Васіна, першы ў гісторыі Украіны ўладальнік алімпійскай ліцэнзіі ў скелетоне, удзельнік Алімпіяды ў Пхёнгчхангу (2018) Уладзіслаў Гераскевіч, алімпійская чэмпіёнка – 2008 у лёгкаатлетычным шматбор’і Наталля Дабрынская.

Паводле вынікаў канферэнцыі, якая вялася выключна на беларускай і ўкраінскай мовах, была выдадзена дэкларацыя, з якой азнаёміліся ўсе ўдзельнікі імпрэзы. Яны ўносілі свае праўкі, прапановы і заўвагі.

Сярод прапановаў удзельнікаў Канферэнцыі прагучала наступнае:

  1. Спартоўцы мусяць падпісаць публічны дакумент аб асуджэнні вайны.
  2. Атлеты мусяць спаборнічаць выключна з нейтральным статусам у індывідуальных выкліках.
  3. Спартоўцы з кантрактамі ў сілавых структурах РФ ці РБ не могуць браць удзелу ў спаборніцтвах.
  4. Спартоўцы не мусяць карыстацца дзяржаўным фінансаваннем.
  5. Пажадана, каб патэнцыйныя ўдзельнікі спаборніцтваў зрабілі ахвяраванні на ЗСУ ці ўкраінскі народ.
  6. Прызнаць права Украіны байкатаваць міжнародныя спаборніцтвы.
  7. Дамагчыся ад МАК прызнання вайны ва Украіне вайною, а не «канфліктам».
  8. Дазволіць беларускім спартоўцам, якія адпавядаюць усім крытэрыям допуску, спаборнічаць пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам.
Фота арганізатараў канферэнцыі

На просьбу «Белсату» асноўныя вынікі Канферэнцыі падвёў Анатоль Котаў.

– У сваім выступе вы казалі, што канферэнцыя рыхтавалася амаль год. Што за гэты перыяд трэба было зрабіць?

– Фактычна мы пачалі рыхтавацца да нашага мерапрыемства пасля лютага 2022 года, калі адбыўся напад на Украіну і ўсё грамадства (у тым ліку і спорт) апынуліся ў нейкай новай рэчаіснасці. І першапачаткова мэтай канферэнцыі была такая больш агульная дыскусія на тэму: «Хто такі спартовец у сучасных абставінах». Ці дастаткова толькі займацца спортам, выконваць уласныя абавязкі, і дзе правесці тую мяжу, пасля якой спорт лічыцца па-за палітыкаю, па-за прапагандай, ці існуе гэтая мяжа насамрэч? І ці можна сказаць, што спартоўцы не мусяць цікавіцца, не мусяць удзельнічаць у палітычным ці нейкім сацыяльным жыцці, ці ўсё ж такі яны абавязаныя мець нейкую падвышаную адказнасць? Мы падрыхтавалі цэлы канцэпт, гэткі новы імідж атлета, але, вядома, вайна і змена праблематыкі фактычна прадыктавалі тое, што ён мусіць быць зменены. Некалькі месяцаў таму разгарнулася вялікая дыскусія наконт крытэраў допуску расейскіх і беларускіх спартоўцаў да міжнародных спаборніцтваў, у тым ліку і да Алімпійскіх гульняў. І калі стала вядома, што менавіта гэтая тэма на найбліжэйшы час у нашай галіне будзе самай актуальнай, самай важнай – менавіта яе мы выставілі на самы верх абмеркавання. Тым больш што дыскусія яшчэ працягваецца, Алімпійскія гульні для атлетаў з Беларусі і Расеі пакуль пад знакам пытання, хаця кіраўнік МАК адкрыта кажа, што хоча бачыць расейцаў і беларусаў у Парыжы.

Для нас было вельмі важна, каб у гэтай дыскусіі ўзяло ўдзел вялікае кола ўкраінскіх дзейных і былых спартоўцаў. Бо адзінай пазіцыі быць не можа. Але пачуць адно аднаго нам было неабходна. І мы самі зацікаўленыя, каб знайсці ўніверсальны адказ на пытанне, што рабіць атлету, асабліва таму, у якога вялікая аўдыторыя, то бок топ-спартоўцу, калі пачынаюцца вось такія, як у Беларусі і ва Украіне, падзеі: выступаць актыўна за мір і чалавечыя каштоўнасці альбо маўчаць, маўляў, ён нічога не можам зрабіць, што з’яўляецца ўтульным і камфортным самападманам. Мы выпрацавалі дэкларацыю, з якой далей будзем выступаць пры сустрэчах у Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Таксама ў нашых планах арганізаваць пляцоўку на трэціх Еўрапейскіх гульнях у Кракаве, якія прызначаныя на чэрвень–ліпень. Там мы спадзяемся сустрэцца з прэзідэнтам Міжнароднага алімпійскага камітэту Томасам Бахам і давесці яму асабіста нашую пазіцыю, што выпрацоўвалася цягам цэлага года.

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў