Кантроль над інтэрнэтам «як у Кітаі», Украіна «лягла пад Захад». Што Лукашэнка казаў на саміце АДКБ?


16 траўня ў Маскве праходзіць саміт краінаў АДКБ. У сустрэчы прымаюць удзел прадстаўнікі РФ, Арменіі, Кыргызстану, Казахстану, Таджыкістану і Лукашэнка. Апошні зрабіў шэраг адыёзных заяваў адносна агрэсіі NATO ды небяспекі свабоднага інтэрнэту і паскардзіўся, што Украіна пасля падзеяў жніўня-2020 «лягла пад Захад», паведамляе БелТА. Мы сабралі асноўныя выказванні Лукашэнкі.

Peter Kovalev / Forum

NATO разбушавалася на заходнім флангу АДКБ.

Лукашэнка паскардзіўся, што на заходнім флангу АДКБ нарошчваецца вайсковая прысутнасць ЗША, паскоранымі тэмпамі мадэрнізуецца вайсковая інфраструктура, ідуць шматлікія вайсковыя вучэнні.

«Цяпер на тэрыторыі 19 еўрапейскіх краінаў, у тым ліку каля нашых межаў у Польшчы, праходзіць буйнамаштабнае вучэнне «Абаронца Еўропы – 2022». Ад каго яны абараняюцца – здагадайцеся самі», – заявіў Лукашэнка.

Таксама ён паскардзіўся, што цяпер на беларуска-польскай граніцы застаецца групоўка пад 15 тыс. вайскоўцаў, размешчаных там яшчэ летась праз міграцыйны крызіс.

Калі б не войскі АДКБ, то «гарачая фаза вайны» пачалася б яшчэ ў 2020-м.

«Ваеннае ўзаемадзеянне ў межах Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, чалецтва Беларусі ў АДКБ ёсць тымі самымі стабілізатарамі, што аказваюць пэўны эфект на гарачыя галовы з таго боку мяжы. Гэты прыклад сведчыць, што калі б гэтага не было, баюся, што вайна ўжо была б і на тэрыторыі Беларусі. Дарэчы, яны паспрабавалі гэта ў 2020 годзе«, – заявіў Лукашэнка.

Украіну ўвесь час падбухторвалі да вайны на Захадзе.

«Украіну нацкоўвалі і падбухторвалі, шпігуючы яе нацыяналізмам, нацызмам, а як сведчаць падзеі ў Адэсе, калі спалілі жывых людзей, і фашызмам, таксама расеяфобіяй і зброяй», – сказаў Лукашэнка.

Таксама ён дадаў, што пасля выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 года ў адносінах з Беларуссю Украіна цалкам «лягла пад Захад». Цягам апошніх двух гадоў Лукашэнка адчувае недружалюбныя акцыі з боку Украіны. Ён заявіў, што Украіна на апярэджанне ўвяла санкцыі, калі былі спыненыя чыгуначныя і авіязносіны.

Аб падтрыманні Расеі ў вайне.

Лукашэнка заявіў, што ва Украіне рыхтавалі баевікоў, якіх пасля перакідвалі на тэрыторыю Беларусі разам са зброяй. Ён сказаў, што ўкраінскі бок ажыццяўляў правакацыйныя дзеянні авіяцыяй шляхам вядзення выведкі ўкраінскімі беспілотнікамі ў паветранай прасторы Беларусі.

«Менавіта таму намі быў задзейнічаны механізм падтрымання ў межах саюзу з Расеяй. Беларусь і да пачатку ваеннай аперацыі Расеі звяртала ўвагу на неабгрунтаваны рост ваеннай прысутнасці Захаду ва Украіне. І ў рэгіёне ў цэлым. Мы аб гэтым неаднаразова гаварылі і папярэджвалі, што справа ідзе да канфлікту», – дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кантроль за інтэрнэтам

Таксама Лукашэнка заклікаў супрацьстаяць выклікам і пагрозам у інфармацыйнай прасторы. Ён чарговы раз заявіў, што хоча пераймаць перадавы кітайскі досвед у сферы рэгулявання свабоды інфармацыі ў інтэрнэце. На ягоную думку, цяпер Захад асабліва моцна выкарыстоўвае інтэрнэт супраць краінаў АДКБ.

Hавiны
МЗС Казахстану: Войскі АДКБ ва Украіну ўводзіць не будуць
2022.02.22 12:29

ЗХ belsat.eu

Стужка навінаў