Ізраільская авіяцыя разбамбіла дом лідара групоўкі ХАМАС


Палесціна-ізраільскае ўзброенае супрацьстаянне працягваецца ўжо сем дзён. Гэта самы буйны канфлікт у рэгіёне з 2014 года. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

Баевікі групоўкі ХАМАС ноччу і раніцай у нядзелю працягнулі ракетныя абстрэлы Ізраіля, а ізраільскія вайскоўцы нанеслі новыя ўдары па сектары Газа.

Адзін з удараў быў нанесены па кватэры палітычнага лідара ХАМАС Яхʼі Сінвара. Ці быў хтосьці ў гэты час у доме, пакуль не ясна. Яшчэ адзін авіяўдар быў нанесены па дому камандзіра батальёна «Джабаль» руху ХАМАС.

Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што ў абодвух дамах размяшчалася тэрарыстычная інфраструктура групоўкі.

Паводле прадстаўнікоў ХАМАС, раніцай у нядзелю ў Газе загінулі 26 чалавек. Такім чынам, агульная колькасць ахвяраў, паводле інфармацыі палестынскага боку, дасягнула 174 (у тым ліку 47 дзяцей). У Ізраілі паведамляюць аб дзесяці загінулых, уключаючы дваіх дзяцей.

Праз новыя ракетныя абстрэлы тэрыторыі Ізраіля многія жыхары вымушаныя шукаць прытулак у бамбасховішчах. За ноч палестынскімі баевікамі было выпушчана ў бок Ізраіля парадку 120 ракетаў.

Агулам ад пачатку эскалацыі палестынскія групоўкі выпусцілі па тэрыторыі Ізраіля каля 2900 ракет, 1150 з іх былі перахопленыя сістэмай ПРА «Жалезны купал». 450 ракетаў упалі ў самой Газе, паведамляе Армія абароны Ізраіля.

Прэмʼер-міністр Ізраіля Бэньямін Нэтаньягу паабяцаў працягваць даваць сілавы адказ на ракетныя абстрэлы з боку Газы і наносіць удары «столькі, колькі спатрэбіцца».

Сёння ўвечары мусіць адбыцца пасяджэнне Рады Бяспекі ААН, прысвечанае гэтаму канфлікту.

Hавiны
Жыхарка Ізраілю: «Падрыхтавалі посцілкі і ваду, каб быць хоць у нейкім камфорце на лесвічнай пляцоўцы»
2021.05.13 17:08

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў