281-ы дзень пратэстаў. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 16 траўня – 281-га дня супрацьстаяння грамадства і ўладаў.

Беларусь пазбавілі Кубка свету па біятлону

Этап Кубка свету IBU па біятлоне мусіў прайсці ў спартовым комплексе «Раўбічы» 3-6 сакавіка 2022 года, аднак спаборніцтва было скасаванае Міжнародным біятлонным саюзам. Пра гэтае рашэнне было абвешчана 16 траўня.

У Беларусі забралі турнір па біятлоне.
Фота: biathlonworld.com

«Рашэнне аб пераносе мерапрыемства было прынята выканаўчым камітэтам з улікам бягучай сітуацыі ў Беларусі», – гаворыцца ў паведамленні Міжнароднага біятлоннага саюзу.

Раней Менск пазбавілі права на правядзенне Чэмпіянату свету па хакеі 2021 года, Чэмпіянату свету па пяціборстве і лазернаму бегу і каманднага чэмпіянату Еўропы па настольным тэнісе. У кастрычніку 2020 года ў Беларусі таксама забралі Сусветную шахматную алімпіяду. Усе гэтыя спаборніцтвы адмянілі праз катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, гвалт і палітычныя рэпрэсіі ў краіне.

«Хапун» на Цнянскім вадасховішчы

Увечары 16 траўня на Цнянскім вадасховішчы ў Менску АМАП затрымаў групу раварыстаў – удзельнікаў MINSK FIXED GEAR. Як паведамляе spring96.org, сёння ў гэтым месцы павінна была адбыцца аматарскай гонка Toure de Tsna. Агулам, паводле інфармацыі відавочцаў, затрымалі больш за 10 чалавек. Адзін з іх быў затрыманы за майку «АнтиЛукашенко». Вядома, што людзей на чатырох мікрааўтобусах павезлі ў Савецкае РУУС «для высвятлення».

«Мы сабраліся зладзіць гонку, было больш за 40 чалавек, – распавёў TUT.by адзін з відавочцаў, – Сабраліся на гары перад стартам, дамаўляліся без сімволікі. Аднак адзін хлопец быў у майцы пратэставай, пад’ехаў бус, яго затрымалі. Мы разʼехаліся, бус зʼехаў. Сабраліся другі раз стартаваць на тым жа месцы, той самы бус падʼехаў, пачалі патрабаваць паказаць змесціва заплечнікаў, але сказалі, што «перапішам арганізатара, вас чапаць ніхто не будзе».

Каля гадзіны мурыжылі, і тут падʼехаў другі бус з, як нам сказалі, начальствам АМАПу. Тут пачалі ўсіх перапісваць, а на пытанне навошта, адказ быў, што мерапрыемства несанкцыянаваныя, патрэбны дазвол выканкаму. У выніку падʼехаў трэці мікрааўтобус, частка разбегліся, астатніх у Савецкае РУУС «для высвятлення».

У МУС пакуль не пракаментавалі сітуацыю з затрыманнем раварыстаў.

Затрыманне працаўніка «Беларуснафты» і студэнтаў БДУ

16 траўня стала вядома пра затрыманне супрацоўніка «Беларуснафты» Дзмітрыя Грышчанку, які шэсць месяцаў таму запісаў для Tut.by зварот супраць гвалту ад імя працаўнікоў прадпрыемства. Яго затрымалі нібыта за «спробу схавацца». Цяпер ён знаходзіцца ў гомельскім ІЧУ.

Валерыя Саварына і Дзяніс Грышчанка.
Фота: valeria_savarina / Instagram

Сяброўка Грышчанкі Валерыя Саварына патлумачыла: Дзмітрый збіраўся з’яжджаць з краіны пасля ціску на супрацоўнікаў кампаніі з боку сілавікоў, але меў на тое права – не быў ні пад якой падпіскай пра нявыезд. Цяпер яна непакоіцца, што яму могуць задняй датай выставіць нешта, што не дазваляла б яму з’ехаць.

Знаёмая Дзмітрыя Ніна Літвінка кажа, што раней у яго ладзілі ператрус праз абвінавачанне ў негатыўным каментары на кагосьці з чыноўнікаў у сацсетках. Аднак абвінавачанне знялі, тэхніку яму вярнулі на гэтым тыдні. У суботу Дзмітрый збіраўся прыехаць да яе ў Менск, але не даехаў. Сёння раніцай яго пачалі шукаць. Тады яго сястра паведаміла, што «тэлефанаваў следчы і сказаў, што Дзіма на Міжгародняй, 26, затрыманы ўчора і яму пагражае штраф ці да 3 гадоў няволі за спробу схавацца».

Hавiны
Яшчэ 15 дзён арышту прысудзілі менскаму коміку, які хадзіў на праўладны мітынг ва Ўруччы
2021.05.16 12:59

Сёння таксама стала вядома, што напярэдадні былі затрыманыя студэнты БДУ Робэрт Казак і Віялета Людчык. Іх затрымалі на акцыі прафкаму BSU Fest, што праходзіла 15 траўня ў менскім парку Янкі Купалы. Студэнцкі канал Law Verum паведамляе, што ў Віялеты падчас дагляду на ўваходзе на фэст пабачылі бел-чырвона-белую налепку на ноўтбуку, не прапусцілі і павезлі ў Цэнтральны РУУС.

Hавiны
Лукашэнка аддаў поўнач Менску пад забудову арабскаму інвестару. Што вядома і да чаго тут «Дана»
2021.05.16 10:57

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў