«Пратэсты 2020 года сыходзяць з павесткі». Што пішуць пра Беларусь у замежных медыях?


Пра Лукашэнку замежныя СМІ пішуць у 30% матэрыялаў, пра Ціханоўскую – у 5%. Беларусаў усё часцей называюць прыхільнікамі Расеі, а тэма пратэстаў 2020 года і рэпрэсіяў сыходзіць з павесткі. Як за мяжой успрымаюць Беларусь і што можна зрабіць для змянення іміджу краіны? Гэтыя пытанні разглядаюцца ў даследаваннях, якія прэзентаваў Цэнтр новых ідэй: медыйны вобраз Беларусі за мяжой у 2022 – 2023 гадах і ўплыў беларусаў замежжа на імідж Беларусі.

Дзень Волі, День Воли, БНР-106, беларусы, Літва, Литва
Здымак мае ілюстрацыйны характар. У Вільні адсвяткавалі Дзень волі. Увечары адбыўся мітынг на Лукішскай плошчы, дзе быў выкананы гімн БНР. На мітынгу сабралася некалькі соцень чалавек. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

Ужо не смелы народ, а агрэсары

Пра вобраз Беларусі ў замежных медыях распавяла Леся Руднік – дырэктарка і даследчыца Цэнтру новых ідэй.

У рамках даследавання разглядаліся ўсе артыкулы, прысвечаныя Беларусі, якія выйшлі цягам 2022 – 2023 гадоў у 20 еўрапейскіх, а таксама амерыканскіх і японскіх СМІ: Euronews, BBC, The Guardian, Die Zeit, Deutsche Welle, CNN, Washington Post, Wyborcza, Delfi.lt, УНІАН і інш. Найбольш артыкулаў сярод СМІ, якія даследаваліся, было апублікавана на ўкраінскай навінавай агенцыі УНІАН – 1680. На другім месцы – польскае выданне Rzeczpospolita. Найменш – на літоўскім Delfi – 16. Усяго даследчыкі разгледзелі 7505 матэрыялаў.

У замежных выданнях Беларусь пераважна згадваецца ў кантэксце вайны ва Украіне і сусветнай палітыкі і геапалітыкі. На трэцім месцы – спартыўны кантэкст. Найменш матэрыялаў прысвячалі ўнутрыпалітычным і культурным падзеям Беларусі.

Беларусь у замежных медыях найчасцей згадваецца ў кантэксце вайны.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй

У 46% вывучаных матэрыялаў беларусы паказваюцца як агрэсары – найбольш гэта характэрна для польскіх і ўкраінскіх выданняў, найменш – для брытанскіх. У 36% – як ахвяры ці закладнікі рэжыму. Пра тое, што Беларусь знаходзіцца пад акупацыяй Расеі, гавораць 8% артыкулаў.

«На жаль, імідж Беларусі ў замежных СМІ ў першую чаргу прадстаўляецца праз прызму беларускіх уладаў. <…> Зменшылася колькасць артыкулаў, у якіх беларусаў называюць смелым народам, – зазначае Леся Руднік. – Гэта тлумачыцца кантэкстам, бо падзеі 2020 года, пратэсты беларусаў, відавочна, сыходзяць з павесткі замежных СМІ».

Усё менш пішуць пра беларускія дэмсілы і дыяспары

Беларусаў, якія застаюцца ўнутры краіны, у 60% артыкулаў называюць ахвярамі рэжыму, а ў 26% лічаць, што беларусы – гэта прыхільнікі Расеі. Гэта больш, чым у мінулым маніторынгу, зазначае Леся Руднік – тады не было і 1%. І гэтае меркаванне часцей сустракаецца ў польскіх і ўкраінскіх СМІ, паводле даследчыкаў, а таксама ў японскім выданні NHK, якое трапіла ў маніторынг.

Найменш матэрыялаў – 2% – кажуць, што беларусы – прыстасаванцы.

Вобраз беларусаў у замежных СМІ.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй
Вобраз беларусаў унутры краіны ў замежных медыях.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй

Датычна беларусаў, якія эмігравалі, 30% артыкулаў прысвечаныя агульным лічбам тых, хто выехаў, 29% пішуць пра акцыі беларусаў за мяжой, 23% – пра праблемы легалізацыі беларусаў. Але агулам колькасць артыкулаў пра беларускую дыяспару зніжаецца, зазначае даследчыца Цэнтру новых ідэй – агулам іх сёлета толькі 3% на фоне астатніх тэмаў пра Беларусь. Акцыі беларусаў найчасцей згадвалі амерыканскія медыі, а пытанні легалізацыі больш асвятлялі ўкраінскія і польскія выданні.

У 51% артыкулаў Беларусь згадваецца праз вобразы ўладаў, а менавіта Лукашэнку – у 30% матэрыялаў. Таксама шмат пісалі пра перамовы Лукашэнкі і Пуціна. Найменш папулярныя летась былі тэмы, якія ў папярэднія гады наадварот былі ў топе – беларускія добраахвотнікі ва Украіне, рэйкавыя партызаны, дэмсілы і асоба Святланы Ціханоўскай – усяго 5% – «значна менш у параўнанні з Лукашэнкам», падкрэслівае Леся Руднік.

«Артыкулы часта падаюць Беларусь як краіну-сатэліт Расеі, якая ўступіла ў агрэсію супраць Украіны. Вельмі часта абмінаюцца падзеі 2020 года, і гэта складае вялікую розніцу з нашым першым маніторынгам, калі вельмі шмат журналістаў пісалі пра пратэсты», – кажа даследчыца.

Пра каго з беларусаў пішуць замежныя медыі.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй

Як у замежных медыях называюць Ціханоўскую?

Лукашэнку пераважна працягваюць называць прэзідэнтам – у 32% артыкулаў. Далей ідуць «дыктатар» (22%) і «нелегітымны прэзідэнт» (18%).

«Прэзідэнтам яго найчасцей называлі ў японскім выданні, французскіх, брытанскіх і ў ЗША, – кажа Леся Руднік. – Як нелегітымнага прэзідэнта называлі пераважна ва ўкраінскіх артыкулах, таксама ва ўкраінскіх выданнях і польскіх часта выкарыстоўваліся эпітэты «дыктатар» і «аўтакрат». У Нямеччыне Лукашэнку называлі лідарам ці кіраўніком Беларусі. <…>. Бачым, што ў большай колькасці артыкулаў Лукашэнка акрэсліваецца негатыўна. Улады Беларусі замежныя СМІ агулам акрэсліваюць як агрэсараў, якія нясуць пагрозу суседзям і жорстка кантралююць беларускае грамадства».

Ціханоўскую ў 75% артыкулаў называюць лідаркай дэмакратычных сілаў, у 20% згадваюць як былую кандыдатку ў прэзідэнты, актывістку ці без пасады, і толькі ў 5% матэрыялаў замежныя журналісты называюць Ціханоўскую «прэзідэнтка» ці «прэзідэнт-элект». Большая частка артыкулаў пра Ціханоўскую датычыць ейнай персанальнай гісторыі і шляху да палітыкі ў параўнанні з ейнымі дыпламатычнымі візітамі.

Як замежныя медыі называюць Лукашэнку.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй
Як замежныя медыі называюць Ціханоўскую.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй

Датычна Беларусі ў кантэксце вайны ва Украіне, у траціне даследаваных артыкулаў гаварылася, што беларусы падтрымліваюць Украіну, амаль столькі ж – 29% – кажуць, што беларусы лічаць украінцаў варожай нацыяй.

«За год колькасць артыкулаў, у якіх сцвярджаецца, што большасць беларусаў падтрымліваюць Расею, павялічылася на 10% – у мінулым маніторынгу гэтая лічба была меншай за 1%, у цяперашнім – 11%. Найчасцей такое меркаванне выказвалася ў польскіх і ўкраінскіх медыях. <…>. Можна сцвярджаць, што ва ўкраінскіх і польскіх медыях імідж Беларусі крыху пагоршыўся», – зазначае Леся Руднік.

«Колькасць артыкулаў пра Беларусь зменшылася ў 5 разоў»

У папярэднім маніторынгу даследчыкі пісалі, што адной з самых папулярных тэмаў адносна Беларусі, былі рэпрэсіі.

«Шмат пісалі пра канкрэтных асобаў, канкрэтных палітзняволеных, пра рэпрэсіі супраць журналістаў <…>. Аднак цяпер мы бачым, што рэпрэсіі апісваюцца ў агульным кантэксце. <…>. Даволі моцна знізілася колькасць артыкулаў, якія кажуць пра прызнанне медыяў экстрэмісцкімі, пра блакаванне сайтаў», – кажа даследчыца.

Як у замежных медыях згадваюцца рэпрэсіі ў Беларусі.
Крыніца: прэзентацыя даследавання Цэнтру новых ідэй

Даследаванне паказала, што ўвага да Беларусі ў замежных медыях працягваецца падаць.

«Гэта адлюстроўваецца як у колькасці артыкулаў пра Беларусь, так і ў больш павярхоўным асвятленні падзеяў. У некаторых выданнях, якія траплялі ў наш маніторынг цягам апошніх трох гадоў, колькасць артыкулаў пра Беларусь зменшылася ў 5 разоў. <…>. З’явіўся новы трэнд, што беларусаў называюць прыхільнікамі Расеі», – рэзюмуе Леся Руднік.

«Адзінага вобразу Беларусі не існуе»

Пра вобраз Беларусі ў краінах, дзе сёння найбольш беларусаў – Польшчы, Літве і Грузіі, распавёў Генадзь Коршунаў, сацыёлаг, старэйшы даследчык Цэнтру Новых ідэй. Высновы рабіліся на падставе глыбінных інтэрв’ю, якія праводзіліся ў гэтых трох краінах у лютым – сакавіку 2024 года. Апыталі 12 актывістаў мясцовых дыяспараў. Даследаванне паказала, што адзінага вобразу беларусаў не існуе.

«У Грузіі ўсе мала разумеюць нешта пра Беларусь, але вобразы ў моладзі і сталых людзей розныя», – прыводзіць Генадзь Коршунаў словы аднаго з удзельнікаў даследавання. – Старэйшае пакаленне згадвае пра вобраз сацыяльнай дзяржавы, працуючыя заводы, чысціню і агульны парадак у краіне. Гэта прадукт прапаганды, пазіцыі прарасейскай кіруючай партыі і досведу асабістых стасункаў яшчэ з савецкіх часоў».

У той жа час грузінская моладзь больш ведае пра пратэсты 2020 года і пра рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць грамадства. Таму і спачування беларусам з боку моладзі больш, зазначае сацыёлаг.

Палякі, па выніках даследавання, «лаяльна ставяцца да беларусаў, бо праходзілі падобнае – яны памятаюць, што мы маем агульную гісторыю». У прадстаўленні палякаў Беларусь – краіна, захопленая дыктатурай, але змагаецца з ёй.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Грузінка на святкаванні Дня Волі ў Тбілісі. Беларусы сабраліся на акцыю да 106-годдзя БНР на плошчы перад будынкам парламента. Тбілісі, Грузія. 24 сакавіка 2024 года.
Фота: Белсат

«Палякі, асабліва старэйшае пакаленне, бачаць гістарычныя паралелі паміж тым, што адбываецца ў Беларусі зараз і сваёй эпохай «Салідарнасці» і разумеюць, што гэта за цяжар, і памятаюць, колькі часу спатрэбілася палякам, каб вырашыць сітуацыю», – кажа Генадзь Коршунаў.

«Літоўцы высоўваюць прэтэнзіі, што беларусы не перамаглі за лічаныя дні»

У Літве апошнім часам сітуацыя складаная, звязаная з пашырэннем праз правых палітыкаў абвінавачванняў беларусаў у «радыкальным ліцвінізме», зазначае сацыёлаг. Гэтыя закіды дэперсаналізаваныя і высоўваюцца хутчэй супраць беларускай дыяспары:

«Погляд на беларусаў як на пагрозу захінуў сабой і вобраз «рэпрэсаванай Беларусі», і «пратэснага» беларускага грамадства. Аднак на ўзроўні асабістых стасункаў абвінавачванні пакуль не даходзяць. Тут беларусы працягваюць карыстацца рэпутацыяй працавітых, адказных і дысцыплінаваных людзей».

Маніторынг замежных медыяў паказаў, што ў стаўленні да Беларусі і беларусаў 2022 год перакрыжаваў уздзеянне 2020 года, які стаў практычна зацёртым. 2022 года таксама пачынае замыльвацца пад уздзеяннем далейшых падзеяў.

«Паказальная розніца паміж успрыняццем Беларусі і беларусаў у Польшчы і Літве, – кажа даследчык Цэнтру Новых ідэй. – Палякі параўноўваюць Беларусь з эпохай «Салідарнасці», што выклікае спачуванне барацьбітам з сістэмай, літоўскі бок робіць параўнанні са штурмам тэлевежы ў студзені 1991 года <…> і высоўваюць прэтэнзіі адносна таго, што беларусы не перамаглі за лічаныя дні».

«7 тэзісаў аб тым, што за 5 хвілін распавесці пра Беларусь і беларусаў»

Беларускія дыяспары цяпер фармуюць імідж беларусаў у розных краінах праз кантакты з уладамі, вулічныя акцыі, розныя адукацыйныя мерапрыемствы, асабістыя кантакты з мясцовымі жыхарамі тых краінаў, дзе яны жывуць, кажа Генадзь Коршунаў. Пры гэтым што датычыць кантактаў з уладамі, то ў Польшчы і Літве гэта робяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, у Грузіі, паколькі прадстаўніцтва дэмсілаў няма, самі беларускія актывісты.

Вулічнае жыццё Вільні, Уличная жизнь Вильнюса
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі на вуліцы Пілес (Замкавая). Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Беларусы ў Грузіі, Літве і Польшчы адзначаюць амаль аўтаматычны недавер да сябе з боку ўкраінскіх арганізацыяў – трэба шмат часу і высілкаў, каб пераадолець такое стаўленне, і гэта не заўсёды дае плён.

Таксама даследчык адзначае слабую супрацу паміж беларускімі дыяспарамі ў розных краінах.

Паводле Генадзя Коршунава, цяпер няма нейкай стратэгіі адносна фармавання пазітыўнага вобразу Беларусі і ўсе захады ў гэтым кірунку робяцца спантанна. Таксама даследчык адзначае фрагментаванасць беларускай дыяспары нават у межах адной краіны, а агульная сістэма ці схема агульнай інфармацыйнай працы дыяспараў і дэмакратычных сілаў агулам адсутнічае. У рамках таго, што робіцца, вобразы Беларусі фіксуюцца на балюча-негатыўных складніках, не хапае складнікаў пазітыўнага характару.

Каб выправіць гэтую сітуацыю, Генадзь Коршунаў раіць дзейнічаць лакальна.

«Нашыя інфармацыйныя захады звычайна глабалізаваныя і англамоўныя. Па-за ўвагай застаюцца мясцовы кантэкст і мясцовая мова. Фактар значнасці мясцовай мовы для тых асяроддзяў, дзе мы жывем, недаацэньваецца. Адначасовы мы недаацэньваем фактар беларускай мовы, бо ні англійская, ні расейская не будуць спрыяць павазе да беларусаў як да нацыі і грамадства, асабліва на постсавецкіх прасторах, і найперш гэта датычыць Літвы».

Даследчык лічыць, што беларусам варта выпрацаваць тэзісы для супольнага прасоўвання – напрыклад, «7 тэзісаў аб тым, што за 5 – 10 хвілін трэба распавесці суразмоўцу пра Беларусь і беларусаў», а яшчэ ў паўсядзённай камунікацыі больш выкарыстоўваць беларускую мову.

Поўныя тэксты даследаванняў можна прачытаць па спасылках: Медыйны вобраз Беларусі за мяжой і Беларусы замежжа: уплыў на вобраз Беларусі.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў