У складзе «Другога інтэрнацыянальнага легіёна» ЗСУ створана асобнае структурнае падраздзяленне беларускіх вайскоўцаў. Пра гэта паведаміў беларускі ваяр Яўген Міхасюк, які раней сышоў з палка Каліноўскага.
«На сённяшні дзень мы знайшлі паразуменне з кіраўніцтвам «Другога інтэрнацыянальнага легіёна» і мне (і маёй камандзе) далі дазвол на фармаванне структурнага падраздзялення «легіёна», – распавёў Яўген Міхасюк.
Яўген заявіў, што цяпер яны вырашаюць шмат розных пытанняў, напрыклад, выконваюць баявыя задачы, шукаюць рэсурсы на тэхніку і амуніцыю і рыхтуюць новых байцоў. Таксама вайсковец запрашае ўсіх ахвотных далучацца да новага «легіёна».
«Але ўсё гэта будзе несур’езна, калі ў нас не будзе дастатковай колькасці розных спецыялістаў. Нам патрэбны людзі ў выведку, інжынеры, сувязісты, аператары дронаў і нават менеджары. Таму я запрашаю рэкрутаў прыяднацца да нашай групы і такі стварыць талакой беларускае вайсковае падраздзяленне, за якое не будзе сорамна», – адзначае Міхасюк.
Пра стварэнне Другога міжнароднага легіёна пад камандаваннем Руслана Мірашнічэнкі стала вядома вясной 2023 года. Паведамлялася, што ў ягоны склад увойдуць грамадзяне розных краінаў, у тым ліку беларусы. Таксама з лютага 2022 года ва Украіне дзейнічае добраахвотніцкае воінскае падраздзяленне Інтэрнацыянальны легіён тэрытарыяльнай абароны.
Алена Рувіна belsat.eu