Лакальныя прасоўванні расейцаў на захадзе ад Аўдзееўкі. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 752-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 16 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі салдат ў акопе падчас артылерыйскай ратацыі ўкраінскіх марскіх пяхотнікаў на перадавой. Херсон, Украіна, 15 сакавіка 2024 года.
Фота: Abaca Press / Forum.

Сіверскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра працяг баявых дзеянняў на ўкраінска-расейскім памежжы: некалькі дыверсійна-выведных групаў намагаліся прарвацца на тэрыторыю Белгародскай вобласці ў ваколіцах сёлаў Спадарушына і Казінка, але былі загадзя выяўленыя і спыненыя УС РФ.

Тэлеграм-канал «Два майора» піша, што праўкраінскія сілы зноў намагаюцца прарвацца цераз мяжу.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

На купянскім кірунку, паводле ўкраінскага і расейскага камандаванняў, ідуць сустрэчныя баі ў ваколіцах сяла Сынькоўка, але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

Таксама цягам апошніх содняў у Харкаўскай вобласці войскі РФ атакавалі каля Табаеўкі, але поспеху не мелі.

На суседнім ліманскім кірунку атакі войскаў РФ фіксуюцца каля Цернаў і Раздолаўкі на поўначы Данецкай вобласці, а таксама ў ваколіцах Белагораўкі на Луганшчыне.

Праўкраінскія крыніцы пішуць, што цяпер праціўнік назапашвае рэзервы, каб аднавіць больш актыўныя наступальныя аперацыі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку баявыя дзеянні ідуць на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра тры адбітыя атакі праціўніка каля населеных пунктаў Клішчыеўка і Андрэеўка.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што таксама войскі РФ штурмуюць пазіцыі ўкраінцаў у ваколіцах Багданаўкі і Іванаўскага.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» удакладняе, што ў Іванаўскім расейцы беспаспяхова намагаюцца выбіць ЗСУ з заходняй часткі сяла, пры гэтым нясуць істотныя страты ў жывой сіле і тэхніцы.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку працягваюцца баі з захаду ад аднайменнага гораду. Паводле Генштабу ЗСУ, цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 26 атак праціўніка каля населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Танэнькае і Первамайскае.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што расейцы прасунуліся ў Танэнькім і з поўначы ад Арлоўкі.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» сцвярджае, што на захадзе ад Танэнькага УС РФ занялі разваліны малочна-таварнай фермы. Таксама расейцы прарваліся з боку Бэрдычаў да ўскрайкаў сяла Сямёнаўка, але не здолелі замацавацца.

Па інфармацыі крыніцы, баі на кірунку пераходзяць у пазіцыйны характар. Пры гэтым агулам расейцам не ўдаецца рухацца далей на захад, што ў першую чаргу звязваецца з перавагай ЗСУ ў колькасці асабовага складу і FPV-дронаў.

У гэты ж час Пегаў гаворыць, што войскі РФ валодаюць ініцыятывай, таму ўкраінцы вымушаныя паступова адцягваць свае сілы да Сямёнаўкі.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на захадзе і поўдні ад Данецку)

На навапаўлаўскім кірунку, паводле ўкраінскага камандавання, ЗСУ адбілі 24 атакі праціўніка каля населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка і Новаміхайлаўка.

Пегаў сцвярджае, што ў ваколіцах Краснагораўкі і Новаміхайлаўкі расейцы ўсё ж дасягнулі тактычных поспехаў.

У сваю чаргу вайскоўцы 46-й брыгады ЗСУ адмаўляюць змены па лініі сутыкнення, адзначаючы, што войскі РФ узялі паўзу, і цяпер дзейнічаюць выключна невялікімі штурмавалі групамі, а таксама наносяць удары авіяцыяй і артылерыяй.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны атакавалі каля сяла Уладзіміраўка (на паўднёвым усходзе ад гораду Вуглядар), але поспеху не дасягнулі.

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на захадзе Данецкай, у Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

На ўсходзе кірунку ідуць баі ў ваколіцах так званага ўрэмеўскага выступу (на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў). Украінскі бок піша пра няўдалыя атакі праціўніка каля сяла Старамаёрскае. У гэты ж час Міністэрства абароны РФ сцвярджае, што іхныя вайскоўцы палепшылі становішча па пярэднім краі ў ваколіцах сёлаў Ураджайнае і Рыўнопаль.

У цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці баявыя дзеянні лакалізуюцца на выступе па фронце з поўдня ад гораду Арэхаў.

Пегаў піша пра сустрэчныя баі ў сяле Работына і каля Вэрбовага, але пры гэтым ваенкор адзначае ініцыятыву УС РФ. 

Тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што цяпер расейцы кантралююць поўдзень і цэнтр Работына.

У Херсонскай вобласці працягваюцца баі на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ ўтрымліваюць некалькі невялікіх плацдармаў. Генштаб ЗСУ піша пра тры няўдалыя спробы праціўніка выбіць сілы абароны краіны з займаных пазіцыяў.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў