Абвешчаны доўгі спіс намінантаў на прэмію Міхала Анемпадыстава за лепшую кніжную вокладку 2023 года


Стаў вядомы доўгі спіс намінантаў на прэмію Міхала Анемпадыстава, якая прысуджаецца за лепшую кніжную вокладку, паведамляе Беларускі ПЭН. Для ўдзелу ў конкурсе былі абраныя працы, аформленыя ў 2022 і 2023 гадах. «Белсат» з’яўляецца генеральным партнёрам прэміі.

Абвешчына доўгі спіс прэміі Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку.
Крыніца: penbelarus.org

У доўгі спіс прэміі увайшлі:

  • Кацярына Дудко – вокладка кнігі Антося Уласенкі «Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх»;
Вокладка кнігі Антося Уласенкі «Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх».
  • Ананімны аўтар – вокладка кнігі Альгерда Бахарэвіча «Вершы»;
  • Ананімны аўтар – вокладка кнігі Юлі Цімафеевай «Воўчыя ягады»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Янкі Купалы «Выбранае»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Васіля Быкава «Знак Бяды»;
  • Яна Галушкіна, VEHA – вокладка кнігі VEHA «Людзі Лесу / Ludzi Lesu»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся»;
  • Сяргей Шабохін – вокладка кнігі Наталлі Вішнеўскай «Неба мнагавокае»;
Вокладка кнігі Наталлі Вішнеўскай «Неба мнагавокае».
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Вальжыны Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»;
  • Уладзімір Міхневіч, Таісія Чарнуха – вокладка кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні»;
Вокладка кнігі Аляксандра Чарнухі «Свінні».
  • Кацярына Дудко – вокладка кнігі Андрэя Дудко «Супердада»;
  • Кацярына Пікірэня – вокладка кнігі Макса Шчура «Там, дзе нас няма»;
  • Анатоль Лазар – вокладка кнігі Сяргея Лескеця «Шэпт»;
  • Юлія Лар’янава, Таня Скарынкіна – вокладка кнігі Тані Скарынкінай «YESМАМОЧКА».

Журы прэміі імя Міхала Анемпадыстава за 2023 год: Вольга Бубіч – журналістка-фрылансерка, эсэістка, выкладчыца, фатографка і рэцэнзентка фотакніг; Максім Тымінько – медыямастак, куратар і вэб-распрацоўшчык; Андрэй Дурэйка – мастак, куратар, аўтар лекцыяў па сучасным мастацтве; Артур Вакараў – графічны дызайнер, адзін з заснавальнікаў дызайнерскай студыі «Адліга»; Ганна Чыстасердава – арт-менеджарка, сузаснавальніца і арт-дырэктарка ініцыятывы «Ambasada Kultury» і галерэі сучаснага мастацтва «Ў», галерэі «Падземка».

Вокладка кнігі Ганны Комар «Мы вернемся».

Узнагарода за найлепшую кніжную вокладку, заснаваная ў 2019 годзе і прысвечаная памяці выдатнага мастака, дызайнера і паэта Міхала Анемпадыстава, надаецца за дызайнерскае рашэнне, паліграфічную якасць і адпаведнасць афармлення кнігі яе зместу.

Да ўдзелу ў конкурсе былі адабраныя вокладкі беларускіх дызайнераў да папяровых кніг, што выйшлі ў 2022 і 2023 гадах і адпавядаюць хаця б аднаму з наступных крытэрыяў:

  • кніга выдадзеная ў беларускім выдавецтве;
  • напісаная беларускім аўтарам;
  • напісаная па-беларуску;
  • распавядае пра Беларусь ці беларускую культуру.
Hавiны
У Бельску-Падляскім абвесцілі лаўрэата Прэміі імя Міхала Анемпадыстава за найлепшую кніжную вокладку
2022.10.29 00:16

Прэмію атрымае аўтар або каманда аўтараў вокладкі. Сёлета адбудуцца дзве цырымоніі: увесну будзе абвешчаны пераможца прэміі за кнігі, выдадзеныя ў 2022 годзе; увосень, на фестывалі «Бардаўская восень», абвесцяць найлепшую вокладку сярод кніг, выдадзеных у 2023-м.

Міхал Анемпадыстаў працаваў у жанрах графікі, ілюстрацыі, фатаграфіі. Як дызайнер ён ствараў плакаты, паштоўкі, лагатыпы, вокладкі для музычных альбомаў і нават этыкеткі для спіртовых напояў. На пачатку 1990-х ілюстрацыі Міхала Анемпадыстава вызначалі запамінальны стыль часопісу «Бярозка», дзе ён быў мастацкім рэдактарам. У 2011 годзе мастак праілюстраваў кнігу Сяргея Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». Вокладкі, створаныя Міхалам Анемпадыставым, упрыгожваюць пераклады Збігнева Гэрбэрта і  Чэслава Мілаша, кнігі Андрэя Хадановіча, Таццяны Нядбай, Сяргея Харэўскага, Наталкі Бабінай ды іншых беларускіх аўтараў.

«Белсат» з’яўляецца генеральным партнёрам прэміі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў