У чаканні зразумелых працэдураў. Як легалізавацца беларусам – уцекачам з Украіны


Спецзакон аб дапамозе ўцекачам з Украіны, які прынялі ў Польшчы і які дае права 18 месяцаў легальна заставацца на тэрыторыі гэтай краіны, не распаўсюджваецца на грамадзянаў Беларусі. Што рабіць? Чакаць новых актаў і працэдураў? Падавацца на міжнародную абарону? Эксперты сцвярджаюць, што ў любым выпадку беларусы, якія ўцяклі з Украіны ў Польшчу, застаюцца на тэрыторыі гэтай краіны легальна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

14 сакавіка ў Польшчы набыў моц закон «Аб дапамозе грамадзянам Украіны ў сувязі са збройным канфліктам на тэрыторыі гэтай краіны». Гэты акт – адмысловая прававая падстава для легальнага перабывання ў Польшчы ўцекачоў з Украіны. Ён датычыць грамадзянаў гэтай краіны. І толькі тых, хто перасёк мяжу з Польшчай з 24 лютага непасрэдна з тэрыторыі Украіны.

Спецзакон гарантуе грамадзянам Украіны:

  • легальнае перабыванне на тэрыторыі Польшчы цягам 18 месяцаў;
  • атрыманне індывідуальнага нумару PESEL;
  • доступ да рынку працы (і дапамога беспрацоўным);
  • права на фінансавую дапамогу, адукацыйныя і сацыяльныя льготы;
  • права на бясплатнае абслугоўванне ў медычных установах;
  • права на адукацыю дзяцей, якіх прымаюць у польскія школы.

Пад дзеянне закону таксама падпадаюць беларусы – чальцы сем’яў грамадзянаў Украіны.

15 сакавіка з’явілася інфармацыя, што грамадзяне трэціх краінаў, якія таксама ўцякалі ад збройнага канфлікту ва Украіне, падпадаюць пад закон «Аб прадастаўленні іншаземцам абароны на тэрыторыі РП» і могуць атрымаць міжнародную ахову.

Гэты закон датычыць і беларусаў, якія:

  • могуць даказаць, што да 24 лютага 2022 года яны карысталіся міжнароднай абаронай або эквівалентнай нацыянальнай абаронай ва Украіне;
  • легальна жылі ва Украіне на падставе дзейнага дазволу на пастаяннае пражыванне, выдадзенага ў адпаведнасці з заканадаўствам Украіны;
  • не могуць вярнуцца ў Беларусь з-за пагрозы жыццю і свабодзе.

У гэтым выпадку беларусы могуць бясплатна атрымаць дакумент, які пацвярджае іхную часовую абарону. Сертыфікат выдаецца Упраўленнем у справах іншаземцаў паводле заявы замежніка. Яго можна забраць асабіста ў офісе ў Варшаве на вул. Таборавай, 33 (Taborowa, 33). Звяртацца па яго можна з 17 сакавіка 2022 года. Пра гэта паведамляе Святлана Ціханоўская.

Дакумент ёсць выключным доказам часовай абароны ў Польшчы. На працягу тэрміну яго дзеяння пацвярджае права:

  • жыць на тэрыторыі Польшчы;
  • выконваць працу без неабходнасці мець дазвол на працу;
  • займацца эканамічнай дзейнасцю на тэрыторыі Польшчы на тых жа ўмовах, што і польскія грамадзяне;
  • атрымліваць медычную дапамогу ў Кіраванні справаў замежнікаў;
  • атрымліваць дапамогу ў выглядзе пражывання, харчавання або матэрыяльнай дапамог.

16 сакавіка на сайце Кіравання ў справах замежнікаў будзе размешчаны дадатковы інфармацыйны буклет непасрэдна для беларусаў.

Часовая абарона. «Неабходна пачакаць»

Выканаўца абавязкаў прадстаўніка Офісу Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр сцвярджае, што «ўсе беларусы, якія перакрочылі мяжу з Украінай з 24 лютага, апрыёры застаюцца ў Польшчы легальна». Нягледзячы нават на тое, што цягам 15 дзён па перасячэнні мяжы не рабілі пэўных крокаў для легалізацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Юрыстка спасылаецца на Рашэнне Рады ЕЗ ад 3 сакавіка, прынятае ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі ва Украіне. Паводле дакументу (ён мае рэкамендацыйны характар), грамадзяне, якія былі перамешчаныя на тэрыторыю ЕЗ у сувязі з ваенным канфліктам, аўтаматычна атрымліваюць статус часовай абароны.

Краіны ЕЗ па-рознаму імплементуюць гэтае рашэнне ў свае нацыянальныя заканадаўствы. Як запэўнівае Рыхтэр, спасылаючыся на дырэктара Дэпартаменту бежанскіх працэдураў Анджэя Карпяка, «Польшча мае палітычную волю, каб прымяняць рашэнне Рады ЕЗ наўпрост».

Паводле юрысткі, ужо цяпер распрацоўваюцца працэдуры, якія дазволяць беларусам пацвердзіць свой легальны статус перабывання ў Польшчы.

«Працэдура атрымання канкрэтнага дакументу, які б пацвярджаў легальнасць, цяпер у працэсе. Яе проста неабходна пачакаць», – кажа.

«Дэпартацыяў не будзе»

Юрыстка паведаміла, што гэтыя працэдуры маюць ахапіць у тым ліку і беларусаў, якія мелі ва Украіне часовы від на жыхарства, а таксама тых, хто заставаўся на яе тэрыторыі легальна да 180 дзён.

«Будзем дамагацца таго, каб працэдуры былі распрацаваныя для ўсіх беларусаў, якія былі перамешчаныя з тэрыторыі Украіны», – паабяцала юрыстка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

Яна просіць суайчыннікаў быць цярплівымі і пакуль што не падаваць дакументаў на часовы від на жыхарства, калі абгрунтаваных падставаў для гэтага няма.

«Гэта нестандартная сітуацыя, і трэба быць цярплівымі. І просьба не адпраўляць бессэнсоўныя заявы і запыты, а чакаць выразных і зразумелых працэдураў, якія будуць зыходзіць ад дзяржавы, і дзейнічаць паводле іх», – раіць Крысціна Рыхтэр.

Калі ёсць сумневы, яна прапаноўвае звяртацца па кансультацыі ў Цэнтр беларускай салідарнасці.

Рыхтэр таксама запэўніла, што, у кожным разе, Польшча не будзе дэпартаваць беларусаў на радзіму. «Менавіта гэтага не варта баяцца. Не будзе гэтага – на 100 %», – дадае яна.

Эксперт пра «схемы, якія працуюць цяпер»

Незалежны эксперт – юрыст-практык, які займаецца пытаннямі легалізацыі (папрасіў не называць ягонага імя і прозвішча) схільны верыць у тое, што дэпартацыяў сапраўды не будзе. Але заўважае, што беларусы «могуць завіснуць у нейкім дзіўным стане».

«Калі фармальна, з юрыдычнага гледзішча, то беларус, які не падаўся на міжнародную абарону цягам 15 дзён, застаецца на тэрыторыі Польшчы нелегальна. І, фактычна, ён завісае ў нейкім дзіўным стане: застаецца нелегальна, але яго не дэпартуюць.

Адпаведна, ніякімі працэдурамі легалізацыі ці працаўладкавання яму скарыстацца нельга. Магчыма, потым прымуць дадатковы нарматыўны акт у дачыненні такіх асобаў. Але пакуль яго няма. Праекту такога нарматыўнага акту таксама пакуль няма», – гаворыць эксперт.

Hавiны
У Польшчы распачаўся набор на праграму Каліноўскага
2022.03.15 14:16

Юрыст кажа, што ён не ведае пра пачатак распрацоўвання працэдураў і імпліментацыі рашэння Рады ЕЗ у польскае заканадаўства, таму можа адказваць толькі за тыя схемы легалізацыі, якія працуюць цяпер. А яны такія:

  • пастарацца знайсці патэнцыйнага наймальніка, які змог бы аформіць дазвол на працу (атрымаць права працаваць у Польшчы). Або – падпісаць дамову з валанцёрскай арганізацыяй. Або – паступіць на вучобу;
  • падаць дакументы на міжнародную абарону. Калі 15 дзён перабывання ў Польшчы скончыліся – абгрунтаваць гэта;
  • як гэта ні парадаксальна гучыць, – вярнуцца ў Беларусь і паспрабаваць атрымаць польскую гуманітарную візу.

Наш суразмоўца заўважае, што трэці варыянт – выключна для тых, каму ў Беларусі нічога не пагражае. Астатнія варыянты – як пашанцуе: «Згодзяцца – добра, адмовяць – іхнае права».

Эксперт мяркуе, што ў кожным разе панікаваць беларусам не варта: развязанні абавязкова знойдуцца.

Аляксей Лявончык: «Вашае перабыванне ў Польшчы – легальнае»

Кіраўнік фонду BY_help Аляксей Лявончык таксама раіць беларусам, якія ўцяклі ад вайны ва Украіне, або падавацца на міжнародную абарону, або шукаць працу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат
Даведка

«Можна падацца на міжнародную абарону ў стандартным парадку. Палякі яе дадуць. І гэта дасць вам магчымасць працаваць. Другое: трэба памятаць, што грамадзяне Беларусі могуць працаваць на падставе спрошчаных дазволаў.

Калі вы тут застаяцеся легальна, то можаце спакойна шукаць працу. І калі працадаўца засведчыць, што гатовы вас узяць, можаце працаваць аж два гады і, на падставе гэтага, праз некаторы час запускаць працэс аб атрыманні карты побыту», – кажа Аляксей Лявончык.

Ён заўважае, што «ўсё гэта цяжка, але магчыма».

Фотарэпартаж
Дом міру. Як уцекачы з Беларусі і Украіны жывуць разам у Польшчы
2022.03.10 18:41

Аляксей Лявончык асабліва падкрэслівае, што беларусы, якія трапілі ў Польшчу з Украіны, у любым выпадку застаюцца там законна (нават калі прайшло больш за 15 дзён перабывання) – на падставе дзеяння пастановы аб эпідэмічным стане. Згодна з ёй, кожны, хто законна трапіў на тэрыторыю Польшчы, застаецца там законна да канца гэтага стану плюс 30 дзён па яго завяршэнні.

«То бок фактычна тыя, хто трапіў сюды законным чынам, будзе заставацца тут законна», – патлумачыў Аляксей Лявончык.

Паводле Памежнай аховы Польшчы, колькасць уцекачоў з Украіны на 15 сакавіка складала 1,8 млн чалавек. Колькі сярод іх беларусаў, дакладна не вядома. Толькі ў 2021 годзе сталы ці часовы від на жыхарства ва Украіне быў выдадзены 4379 беларусам. Але колькасць беларусаў ва Украіне да вайны была нашмат большая.

Рэпартаж
«Мужчыны таксама павінны жыць». Польшча працягвае прымаць уцекачоў
2022.03.12 14:08

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў