Раённая газета «Светлае жыццё» напісала пра завяршэнне «контратэрарыстычнай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне, са спасылкаю на ўпраўленне КДБ Беларусі па Гомельскай вобласці.
«Увага! Правядзенне контратэрарыстычнай аперацыі ў Лельчыцкім раёне завершанае», – паведаміла газета «Светлае жыццё».
Менавіта праз гэтую раёнку 15 лютага жыхары і журналісты даведаліся пра ўвядзенне «контратэрарыстычнай аперацыі». Журналісту «Белсату», які дазваніўся да Лельчыцкага райвыканкаму як прыватная асоба, патлумачылі ўчора: «Ідуць вучэнні, службы спраўджваюць свае сістэмы апавяшчэння».
Дзяржаўная памежная служба Украіны паведамляла ў сваю чаргу, што не заўважыла ў Лельчыцкім раёне «значнай актыўнасці».
Маніторынгавая ініцыятыва «Беларускі Гаюн» высветліў учора, што ў Лельчыцы прыляталі 5 верталётаў з байцамі сілаў спецыяльных аперацыяў. Эксперты ініцыятывы зазначалі, што сітуацыя не нагадвала на той момант «класічных вучэнняў», хутчэй – пазаштатную сітуацыю.
Паводле заканадаўства, у зоне, дзе здзяйсняецца контратэрарыстычная аперацыя, сілавікі маюць права абмяжоўваць або забараняць рух транспарту і людзей, «бесперашкодна ўваходзіць» у кватэры і арганізацыі, выкарыстоўваць аўтамабілі грамадзянаў «у неадкладных выпадках».
Зміцер Міраш belsat.eu