Пачалося супольнае вучэнне авіяаддзелаў Беларусі і Расеі


У Беларусі пачалося супольнае вучэнне авіяцыйных аддзелаў беларускага і расейскага войска, адпрацоўваюць аператыўную сумяшчальнасць і падтрыманне наземнай аперацыі, задзейнічаныя ўсе вайсковыя аэрадромы і палігоны СПА. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Міністэрства абароны РБ. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Як паведаміла Мінабароны РБ, 16 студзеня пачалося супольнае лётна-тактычнае вучэнне авіяцыйных аддзелаў Беларусі і Расеі, задзейнічаныя ўсе беларускія аэрадромы і палігоны вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.

«Сёння стартавала супольнае лётна-тактычнае вучэнне авіяцыйных аддзелаў узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі, што ўваходзяць у склад авіяцыйнага кампаненту рэгіянальнай групоўкі войскаў (сілаў)», – гаворыцца ў паведамленні.

Паведамляецца, што ад расейскага боку ў мерапрыемстве прымае ўдзел вайсковае фармаванне паветрана-касмічных сілаў.

«Галоўная мэта вучэння – павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці пры супольным выкананні вучэбна-баявых задачаў», – удакладняе Мінабароны РБ.

Падчас вучэнняў будзе адпрацаваны «шырокі спектр пытанняў». Аддзелы беларускай і расейскай вайсковай авіяцыі адпрацуюць вядзенне паветранай выведкі і супольнае патруляванне паветранай прасторы ўздоўж дзяржаўнай мяжы. Запланаванае адпрацоўванне дзеянняў у падтрыманні вайсковых груповак, высаджванне тактычнага паветранага дэсанту, транспартаванне грузаў і эвакуацыя параненых.

Адзначаецца, што «дзеля забеспячэння правядзення вучэння задзейнічаныя ўсе аэрадромы і палігоны ВПС і войскаў СПА Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў