Павел Латушка пра палітыку Кіева ў дачыненні Лукашэнкі: «Гэта філасофія супакаення агрэсара»


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць, што афіцыйны Кіеў займае занадта асцярожную пазіцыю ў дачыненні рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта ён заявіў у эфіры «Белсату».

Каментуючы інфармацыю пра тое, што за кібератакай на сайты ўкраінскіх міністэрстваў і ведамстваў стаялі хакеры, звязаныя са спецслужбамі Беларусі, Латушка адзначыў:

«З пункту гледжання новай філасофіі войнаў – гэта гібрыдная атака, гібрыдная агрэсія, элемент гібрыднай вайны. Гэта павінна прыводзіць да наступстваў. Кожная краіна мае права абараняцца, уводзіць захады ў адказ – санкцыйныя захады».

На думку Латушкі, «Лукашэнка фактычна здзекуецца цяпер з Украіны», а ўкраінскія палітыкі нічога не робяць.

«Гэта як раз філасофія «супакаення агрэсара». Я разумею, што яны не хочуць мець другой лініі атакі з Беларусі, але фактычна яна ўжо ёсць. Яны проста як страус спрабуюць галаву схаваць у пясок… Не, яны ўсё разумеюць, але ніякіх крокаў у адказ не робяць. Гэта памылковая палітыка», – падкрэсліў ён.

Латушка нагадаў, што палітыка «супакаення агрэсара» прывяла да пачатку Другой сусветнай вайны. Кіраўнік НАУ лічыць, што афіцыйны Кіеў павінен пачаць дзейнічаць і быць салідарнымі з беларускай дэмакратычнай супольнасцю.

РР belsat.eu

Стужка навінаў