Новыя беларускія вершы на шыбах магілёўскіх тралейбусаў


Услед за паэзіяй класікаў у грамадскім транспарце Магілёва расклеілі творы маладых паэтаў, якія пішуць па-беларуску.

31 жніўня вершы магілёўцаў Яніны Асіпцовай, Алы Ярашэнкі і Алеся Сьнега развешаныя ў некалькіх дзясятках тралейбусаў, якія выйшлі сёння на маршруты № № 2, 4, 5, 8. Паводле каардынатара грамадскай культурнай кампаніі «Будзьма беларусамі!» па магілёўскім рэгіёне Юрыя Стукалава, гэта другі этап праекту «Паэзія ў метро», які ажыццяўляюць кампанія «Будзьма беларусамі!» і Магілёўскі гарвыканкам. Ён прымеркаваны да Дня беларускай пісьменнасці, што пройдзе ў Быхаве 1 верасня.

Першы этап зрэалізавалі ў ліпені. Ён быў прысвечаны творчасці класікаў беларускай літаратуры. Тады ў салонах тралейбусаў з’явіліся тэксты вершаў Максіма Багдановіча, Анатоля Вярцінскага, Янкі Купалы ды іншых паэтаў.

«Паэзія ў метро» – міжнародны праект, які пачынаўся ў Нью-Ёрку. У нас метро няма, і мы пастанавілі прыцягнуць такою назваю ўвагу гараджанаў», – зазначыў прадстаўнік «Будзьмы».

Пасажыры змогуць чытаць вершы маладых магілёўцаў да 10 верасня. Мяркуюць, што затым вершы, ужо агучаныя іхнымі аўтарамі, загучаць у салонах электратранспарту.

АК, belsat.eu, паводле belapan.com

Стужка навінаў