Ці Захад перашкодзіць дыктатару ваяваць са сваім народам?


Заходнія краіны пачнуць бамбаваць Сірыю праз некалькі дзён, пішуць сусветныя інфармацыйныя агенцыі.

Нядаўна адбыліся перамовы, на якіх сірыйская апазіцыя перадала заходнім дзяржавам спіс мэтаў у краіне для нанясення авіяцыйных удараў, падала агенцыя «Reuters». Працягваюцца таксама кансультацыі паўстанцаў і заходніх дзяржаваў у правядзенні канферэнцыі з мэтай урэгулявання канфлікту.

Спадарожнікавая тэлестанцыя «Аль-Маядзін» паведаміла з Бэйруту, што заходнія дзяржавы папярэдзілі прадстаўнікоў Нацыянальнай кааліцыі апазіцыйных і рэвалюцыйных сілаў у Сірыі: паветраныя ўдары па краіне нанясуць у найбліжэйшыя дні. «Аль-Арабія» адзначае актыўнасць, якая назіраецца сёння з самай раніцы на базе брытанскіх ВПС на востраве Кіпр, за 110 км ад сірыйскага ўзбярэжжа.

У той жа час Нацыянальная кааліцыя апазіцыйных і рэвалюцыйных сілаў Сірыі сцвярджае, што не абмяркоўвала з краінамі Захаду планаў і датаў нанясення ўдару па Сірыі.

«Ніякіх дакументаў, якія датычаць планаў аперацыі, нам не перадавалі, а абмеркаванне датычыла толькі палітычных пытанняў. На парадку дня не было тэмы ваеннага ўмяшання ў сітуацыю ў Сірыі», – зазначыў прадстаўнік сірыйскай апазіцыі ў Турцыі Халід Ходжа.

ЗША гатовыя да дзеянняў

Міністр абароны ЗША Чак Гэйгел заявіў «Бі-Бі-Сі», што вайсковыя сілы ЗША гатовыя да нанясення ўдару па Сірыі, калі такі загад аддасць прэзідэнт Барак Оўбама. «Мы перакінулі сілы на месцы, каб выканаць належным чынам любы варыянт, які абярэ прэзідэнт», – заявіў шэф Пэнтагону. На пытанне, ці гатовыя амерыканскія вайскоўцы выкарыстоўваць сілу супраць Сірыі, Чак Гэйгел заявіў: «Так, мы гатовыя пачынаць менавіта гэтак».

Грамадзянская вайна ў Сірыі пачалася з масавых антыўрадавыя хваляванняў і закалотаў у розных гарадах вясною 2011-га. Пратэстоўцы выступалі супраць прэзідэнта Башара аль-Асада, які кіраваў краінаю 10 гадоў. Восенню 2011-га хваляванні бунтаўнікоў перараслі ў адкрытае ўзброенае супрацьстаянне. Паводле звестак ААН за час грамадзянскай вайны ў Сірыі загінулі звыш за 100 тыс. чалавек. Свет скаланула ўжыванне хімічнай зброі ў Сірыі сёлета 21 жніўня. Нервова-паралітычны газ зарын забіў 1300 асобаў, сярод якіх жанчыны і дзеці. Хто ўжыў хімічную зброю – Башар аль-Асад або ягоныя праціўнікі – дакладна невядома.

МЯ, belsat.eu, паводле Itar-tass.com

Стужка навінаў