Гамяльчук памыліўcя ў краме і пабагацеў на Br 110 млн


Міліцыя заклікае жыхара Гомля, які праз памылку забраў з камеры захоўвання ў адной з крамаў гораду 110 мільёнаў рублёў, добраахвотна вярнуць іх уладальніку.



Пра згубу заявіў 62-гадовы жыхар Гомлю. 9 жніўня ён збіраўся змясціць на рахунак у банку Br 110 млн, але перад гэтым зайшоў у краму па набыткі.

Белую торбачку, у якой акрамя буйной грашовай сумы ляжалі зверху два пакеты малака, мужчына змясціў у камеру захоўвання. Пакуль ён быў у гандлёвай зале, іншы мужчына, хутчэй за ўсё выпадкова, адчыніў камеру захоўвання і забраў торбачку.

«Мы прагледзелі камеры відэаназірання. Ключ ад ячэйкі № 1 падышоў да суседняй, № 2. Больш за тое, у ячэйках былі абсалютна аднолькавыя белыя пакеты, дзе зверху ляжала малако, прычым аднаго і таго ж вытворцы ды нават аднолькавай тлустасці. Мужчына памылкова ўставіў ключ у замок суседняй ячэйкі ды забраў чужую торбу, нічога не западозрыўшы. Заяўнік жа, калі вярнуўся з набыткамі, убачыў, што ячэйка пустая, але адчыненая суседняя, у якой была такая ж самая торба, з малаком зверху. У торбе яшчэ ляжалі ладаванка, посуд, таблеткі ад ціску», – распавёў начальнік аддзелу крымінальнага вышуку Цэнтральнага РАУСу Гомля Генадзь Мельнік.

Цяпер міліцыя шукае мужчыну, які нечакана разбагацеў на 110 млн. Паводле міліцыянтаў, да 30 жніўня той можа добраахвотна вярнуць грошы: тады яго вызваляць ад любой адказнасці. У адваротным жа выпадку жыхара Гомля чакае крымінальная справа.

Пра сваю знаходку ўладальнік 110 мільёнаў можа паведаміць праз тэлефон ў Гомлі: (8023) 274-38-49.

МЯ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў