Беларуская дыпламатыя ўзору 2023 года: пасол Узяткін уручыў даверчыя лісты прэзідэнту Уганды


14 снежня надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі Павел Узяткін уручыў даверчыя лісты прэзідэнту Рэспублікі Уганда Ёўэры Мусэвэні, паведамляе Міністэрства замежных справаў Беларусі.

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Беларусі Павел Узяткін уручае даверчыя лісты прэзідэнту Рэспублікі Уганда Ёўэры Мусэвэні.
Фота: mfa.gov.by

У паведамленні адзначаюць, што падчас уручэння абмеркавалі партнёрства паміж краінамі з акцэнтам на супрацы ў галіне эканомікі і развіцці дагаворна-прававой базы.

Кіраўнік Уганды зазначыў, што «з задавальненнем прыме» ў сябе ў краіне Аляксандра Лукашэнку, сустрэчу з якім у Беларусі ўспамінае «з цеплынёю».

Сёлета дыпламатычным стасункам паміж Беларуссю і Угандай споўнілася 25 гадоў, пра што згадваў у сваім віншаванні з нагоды Дня незалежнасці гэтай краіны Аляксандр Лукашэнка.

Нагадаем, што пасля падзеяў 2020 года ў Беларусі рэзка пагоршыліся дыпламатычныя стасункі з заходнімі краінамі. Еўрапейскія дыпламаты, прызначаныя яшчэ да 2020 года, сталі пакідаць краіну, пры гэтым на іх месца не прыбывалі новыя.

У ліпені 2023 года з Беларусі з’ехаў амбасадар Нямеччыны Манфрэд Гутэрэр, штат іншых еўрапейскіх амбасадаў (як Літвы і Польшчы) скарочаныя да мінімуму. У 2022-м амбасадару ЕЗ Дырку Шубэлю не працягнулі беларускай візы. Сваю дыпламатычную місію Беларусь закрыла ў Канадзе, спыніла працу генеральнага консульства ў Нью-Ёрку.

З еўрапейскіх краінаў, якія ўручылі даверчыя лісты пасля 2020-га, былі толькі амбасадары Швейцарыі (2022 год) і Вугоршчыны (2023).

Адначасова адкрыліся новыя беларускія прадстаўніцтвы ў Калумбіі (2021 год), Зімбабвэ (2022), з’явілася генеральнае консульства ў індыйскім Мумбаі (2022).

Нагадаем, што яшчэ ў красавіку 2021 года міністр замежных справаў Уладзімір Макей заяўляў, што Беларусь мае намер закрыць свае амбасады ў шэрагу краінаў і пашырыць дыпламатычную прысутнасць у іншых.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў