У Беларусі ад грыпу вакцынавалі 40 % насельніцтва, але людзі працягваюць хварэць


Міністэрства аховы здароўя абвясціла 15 снежня аб заканчэнні кампаніі вакцынацыі супраць грыпу. Паводле міністэрства, вакцынацыя ахапіла не менш 40 % насельніцтва. Але колькасць захворванняў, выкліканых вірусам H1N1, застаецца высокай. Пра гэта казалі спецыялісты падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай прафілактыцы вострых рэспіратарных захворванняў.

Як зазначыла падчас сустрэчы загадчыца лабараторыі грыпу РНПЦ эпідэміялогіі Наталля Шмялёва, з’яўленне каронавірусу ў свой час выціснула грып з актыўнай цыркуляцыі, але ён вярнуўся ў 2022 годзе. У Беларусі, з ейных словаў, пераважае вірус грыпу Н1N1, у той час як у Заходняй Еўропе – Н3N2.

«Бачым дастаткова вялікую колькасць выпадкаў захворвання, выкліканага H1N1. На грып хварэюць тыя, хто нарадзіўся пасля 2009 года, і асабліва дзеці, якія нарадзіліся пасля 2020-га. У іх не было дагэтуль кантакту з вірусам.

Таксама часта хварэюць людзі, старэйшыя за 65 гадоў, пацыенты з цукровым дыябетам, хранічнымі хваробамі», – паведаміў падчас брыфінгу загадчык кафедры інфекцыйных захворванняў Медычнай акадэміі паслядыпломнай адукацыі Юрый Горбіч.

На ягоны погляд, вакцынаваць трэба не толькі гэтых людзей, але і тых, з кім яны кантактуюць, – ствараць эфект кокану. Юрый Горбіч адзначыў, што, апроч каронавірусу, пачалі вяртацца «старыя» вірусы, якія былі не заўважныя ў 2019–2020 гадах. Папярэдзіў таксама, што ў Беларусь прыйдуць штамы SARS-COV-2, якія дамінуюць у Еўропе і Азіі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя, на 15 снежня сітуацыя з рэспіратарнымі інфекцыямі ў Беларусі не эпідэмічная. Асноўная колькасць выяўленых хваробаў прыпадае на дзяцей – 69 % выпадкаў. Статыстыку ж захворванняў на COVID-19 міністэрства не публікуе з ліпеня 2022 года.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў