Польскі сейм прызнаў Расею спонсарам тэрарызму


Сейм Польшчы прызнаў Расейскую Федэрацыю дзяржавай, што падтрымлівае тэрарызм і ўжывае тэрарыстычныя метады. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні польскага Сейму.

Польскі Сейм.
Фота: sejm.gov.pl

«Звярыная і супрацьпраўная агрэсія Расейскай Федэрацыі супраць Украіны працягваецца. Расейскія вайскоўцы чыняць напады па ўсёй тэрыторыі акупаванай краіны, у выніку якіх загінулі тысячы людзей, у тым ліку шмат дзяцей.

Расея і яе ўзброеныя структуры і фармаванні ўчыняюць акты тэрору супраць цывільнай інфраструктуры, масавыя пакаранні смерцю і выкраданні, сексуальны гвалт і катаванні, адрыванне дзяцей ад сем’яў з мэтай іх русіфікацыі, масавыя дэпартацыі насельніцтва, прымусовы прызыў у расейскае войска грамадзянаў Украіны. Расея неаднаразова парушыла Жэнеўскую канвенцыю аб абыходжанні з ваеннапалоннымі», – гаворыцца ў рэзалюцыі Сейму.

Польскія дэпутаты ўсклалі таксама непасрэдную адказнасць на Расею за збіццё самалёту «Malaysian Airlines» у ліпені 2014 года, калі загінулі 298 пасажыраў і чальцоў экіпажу, і за «катастрофу рэйсу ВПС Польшчы (рэйс 101) у Смаленску ў красавіку 2010 года, у выніку якога загінулі 96 асобаў, у тым ліку прэзідэнт Польшчы Лех Качыньскі».

У Сейме асудзілі акт міжнароднага пірацтва, учынены Расеяй, якая заблакавала ўкраінскія парты і паралізавала марскія стасункі без абвяшчэння вайны.

Польскія дэпутаты заклікаюць міжнародную супольнасць «працягваць і пашыраць дзеянні, накіраваныя на ўвядзенне новых пакетаў санкцыяў у дачыненні Расеі», распрацаваць механізм выплаты ваенных рэпарацыяў Украіне і кампенсацыяў дзяржавам, арганізацыям і асобам, якія панеслі страты ў сувязі з вайной.

У кастрычніку 2022 года Парламенцкая асамблея Рады Еўропы прызнала расейскі рэжым тэрарыстычным. Аналагічную пастанову прыняла Парламенцкая асамблея NATO. 23 лістапада прызнаў Расею спонсарам тэрарызму Еўрапарламент.

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў