Аляксей Дзікавіцкі: люстрацыя проста неабходная вольнай Беларусі


Роўна тры гады таму 15 лістапада 2020 года ў адной з кватэраў на плошчы Пераменаў, адкуль нашыя каляжанкі Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева вялі жывы эфір, уварваліся сілавікі, якія затрымалі журналістак. Намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі ўзгадвае, як уся рэдакцыя наіўна спадзявалася, што дзяўчаты выйдуць на свабоду праз сем содняў, на якія іх першапачаткова асудзілі, а пасля на змену прыйшоў шок – 2 гады зняволення па крымінальнай справе за сумленную працу.

Цалкам размову глядзіце тут:

«Тады не было яшчэ такіх выракаў, як зараз. Гэта зараз падаецца, што 2 гады – гэта лагодны вырак. Мы дажыліся да таго, што цяпер 2 гады нам падаюцца лагодным выракам. А тады гэта было страшна, бо не было нічога падобнага ў гісторыі Беларусі, – распавядае Аляксей Дзікавіцкі, узгадваючы, як на самім працэсе справа папросту сыпалася. – Аўтобусны парк сказаў, што мы не маем ніякіх прэтэнзіяў, экспертыза гэтага сямігадзіннага стрыму, зробленая Акадэміяй навук… Таксама афіцыйна было чорным па белым напісана, што там ніякіх заклікаў няма».

Намеснік дырэктара «Белсату» зазначае: так званыя суддзі і пракуроры дакладна разумеюць, што яны робяць, і такое бяспраўе магчымае толькі таму, што ў Беларусі ніколі не былі пакараныя людзі, вінаватыя ў рэпрэсіях.

«Калі не разлічыліся з гэтай мінуўшчынай… Амапавец дубасіць, дапусцім, безабаронную дзяўчыну на вуліцы і думае: “Дык мне ж за гэта нічога не будзе. Вось людзі расстрэльвалі масава ў Курапатах – і ім жа нармальна, у сваіх кватэрах памерлі з высокімі пенсіямі”. Гэтаксама і гэтыя суддзі. Ніколі ніхто не быў пакараны за беззаконне», – кажа ён.

Прадстаўнікі рэжыму, на думку Аляксея Дзікавіцкага, свядома робяць свой выбар і ні пра што іншае акрамя выслугі і атрымання грошай ці кватэры ў падобных сітуацыях не думаюць, што характарызуе іх маральна нізкі ўзровень.  Тут можа дапамагчы толькі люстрацыя:

«Раней я вагаўся, што датычна люстрацыі. Цяпер я перакананы, што яна проста неабходная, бо калі зноў у чарговы раз у вольнай Беларусі не панясуць пакаранне тыя людзі, якія чынілі проста страшэнныя злачынствы, пазбаўляючы людзей вялізнай колькасці гадоў іхнага жыцця, то раней ці пазней гэта зноў паўторыцца. Трэба ведаць, што кожны злачынца будзе пакараны, нават калі пазней».

Калі ж люстрацыя не адбудзецца, паводле Дзікавіцкага, то перамога, якая абавязкова будзе атрыманая, стане не вартай змаганняў за яе.

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў