У Польшчы на мяжы з Украінай два чалавекі загінулі ад выбуху. Медыі: упалі дзве расейскія ракеты


Польскія медыі паведамляюць, што дзве расейскія ракеты ўпалі на тэрыторыі Польшчы і забілі двух чалавек. Прэм’ер-міністр Матэўш Маравецкі склікаў тэрміновае паседжанне Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Фота: twitter.com/wolski_jaros

Што трэба ведаць, сцісла

  • У Польшчы блізу мяжы з Украінай нешта выбухнула, загінулі два чалавекі. Мясцовыя жыхары кажуць, што бачылі або чулі ракеты.
  • Афіцыйных звестак пра прычыны выбухаў няма, прайшла нарада польскай Рады бяспекі, у выніку паведамілі, што патрэбная дадатковая інфармацыя, пройдзе паседжанне Рады міністраў.
  • Замежныя лідары і міністэрствы ўжо выказваюць салідарнасць з Польшчай. Гучаць заклікі «бараніць кожны сантыметр тэрыторыі NATO», аднак афіцыйных захадаў з прычыны здарэння пакуль не прымалі.
  • Расея ўжо пачала апраўдвацца, што не атакавала Польшчу, а «ракеты ўкраінскія», хоць пацверджанняў пра тое, што выбухі былі ўласна ад ракетаў, пакуль няма.
  • Здарэнне адбылося на тле масаванага расейскага абстрэлу энергетычнай інфраструктуры Украіны. Прэзідэнт Украіны ўпэўнены, што па Польшчы ўдарылі расейскія ракеты.

Што пішуць пра здарэнне

Польскае «Radio Zet» паведамляе пра выбухі каля ўкраінскай мяжы ў паселішчы Пшэводаў Люблінскага ваяводства. Паводле радыёстанцыі, упалі дзве ракеты, якія трапілі ў зернесушылкі. Паведамляецца пра гібель дзвюх асобаў. На месцы працуюць паліцыя, пракуратура і прадстаўнікі арміі.

Прадстаўнікі амерыканскай выведкі паведамляюць, што вечарам 15 лістапада расейскія ракеты трапілі на тэрыторыю Польшчы, у выніку ўдару загінулі два чалавекі, пра гэта інфармуе агенцтва «Associated Press».

Люблінскае радыё «Radio Lublin» паведаміла пра выбухі на перагрузачных вагах, куды заязджаюць трактары з грузамі. Са спасылкай на мясцовай паліцыю гэтае медыя піша пра выбух трактара, які заехаў на вагі. У выніку здарэння, як сцвярджаецца, загінулі два чалавекі.

Выданне «Lublin112» сцвярджае, што ў Пшэводаве два чалавекі загінулі ў выніку выбуху, які здарыўся каля 15:35. Пра ракеты кажуць толькі мясцовыя жыхары, якія чулі свіст і выбух, бачылі аскепкі і чулі ад суседзяў, што «яшчэ адна ракета мела ўпасці недзе ў полі». На аскепках, якія знайшлі, не выявілі маркаванняў.

Карэспандэнт TVP з месца падзеяў расказаў, што афіцыйна вядома мала што, але дакладна загінулі два чалавекі. Мясцовыя жыхары сапраўды чулі выбухі і кажуць пра ракеты, але пацвярджэння гэтаму няма.

У шэрагу Telegram-каналаў і акаўнтаў у сацсетках публікуюць відэа, як сцвярджаецца, з месца выбуху ў польскім сяле Пшэводаў. Пацверджанняў таго, што відэа звязанае менавіта з гэтым здарэннем, няма.

Як на гэта адрэагавалі ў Польшчы

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі склікаў тэрміновую нараду Рады нацыянальнай бяспекі і абароны. Прэсавы сакратар прэм’ера просіць медыі пакуль не публікаваць непацверджанай інфармацыі і дадае, што пасля паседжання паінфармуюць аб прычынах здарэння.

Пасля нарады афіцыйны прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер сказаў: вядома, што быў выбух і што загінулі два чалавекі. Мюлер дадаў, што кожнае паведамленне ў цяперашніх умовах вымагае вялікай асцярожнасці, таму Польшча не робіць заўчасных высноваў. На месцы экстраныя службы высвятляюць акалічнасці.

У сувязі з сітуацыяй Польшча павышае боегатовасць некаторых вайсковых адзінак і гатовасць іншых службаў, інфармуе Мюлер.

Ці актываваць артыкул 4 Паўночнаатлантычнай дамовы (аб кансультацыях у межах NATO), яшчэ высвятляюць, кажа па выніках нарады кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера. Польшча трымае кантакт з ключавымі саюзнікамі, у тым ліку са Злучанымі Штатамі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда праводзіў размову з Генеральным сакратаром NATO, з прэзідэнтам Злучаных Штатаў Джо Байдэнам і з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. Аб выніках перамоваў Дуды з кіраўніком ЗША не паведамлялі. Зяленскі ж напісаў у Twitter, што выказаў прэзідэнту Польшчы спачуванні з прычыны гібелі двух чалавек «ад расейскага ракетнага тэрору» і абмяняўся з ім наяўнай інфармацыяй.

Пад ноч распачалося паседжанне Рады міністраў Польшчы, таксама апоўдні 16 лістапада мусіць прайсці яшчэ адно паседжанне Рады нацыянальнай абароны.

Раней польскі апазіцыйны лідар Дональд Туск заклікаў «у сітуацыі небяспекі, незалежна ад унутраных спрэчак і рознагалоссяў […] быць згуртаванымі і салідарнымі».

Як на гэта адрэагавалі ў іншых краінах

Вугоршчына таксама склікае Раду бяспекі, расказаў у Twitter дзяржаўны сакратар міжнароднай сувязі Вугоршчыны Золтан Ковач. Гэта адбываецца як у адказ на спыненне транзіту нафты праз нафтаправод «Дружба», так і праз ракеты, што трапілі па тэрыторыі Польшчы. Па выніках нарады міністр нацыянальнай абароны Крыстаф Салай-Баброўніцкі расказаў, што Вугоршчына забяспечаная нафтай на бліжэйшыя месяцы, а адносна ракетаў у Польшчы пакуль шмат нявызначанасці – ён размаўляў з Генеральным сакратаром NATO і міністрамі суседніх краінаў, «усе выступаюць за спакой».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў звароце вечарам 15 лістапада ўпэўнена казаў, што па Польшчы ўдарылі расейскія ракеты і што ад гэтага загінулі людзі. Ён сказаў, што «мы даўно папярэджвалі» аб тым, што расейскія ракеты трапяць па Польшчы – гэта было «пытаннем часу». «Чым даўжэй Расея будзе пачувацца беспакаранай, тым больш пагрозаў будзе для тых, хто застаецца ў зоне дасяжнасці расейскіх ракетаў», – заявіў Зяленскі. Ён дадаў, што ўдар ракетамі па тэрыторыі NATO – гэта «расейскі ракетны ўдар па калектыўнай бяспецы» і «істотная эскалацыя». Таксама ён паабяцаў «польскім братам і сёстрам», што Украіна іх заўжды падтрымае.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг пасля размовы з прэзідэнтам Польшчы напісаў у Twitter, што выказаў яму спачуванні, што NATO сочыць за сітуацыяй, а саюзнікі шчыльна кансультуюцца, але важна высветліць усе факты.

Прэс-сакратар Пэнтагону Патрык Райдэр расказаў у жывым эфіры, што ЗША пакуль не маюць пацверджанняў адносна паведамленняў пра падзенне расейскіх ракетаў у Польшчы. Але ён пацвердзіў, што паведамленні медыяў бачылі, пытанне вывучаюць. «Але мы крыштальна ясна заявілі, што будзем абараняць кожную цалю тэрыторыі NATO», – дадаў Райдэр.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа таксама заявіў, што «кожны сантыметр тэрыторыі NATO мусіць быць абаронены». Ён запэўніў, што Літва ў кантакце з Польшчай і салідарная з ёй.

Міністр абароны Латвіі Артыс Пабрыкс у Twitter выказаў спачуванні «польскім братам па зброі». Ён дадаў: «Злачынны расейскі рэжым выпусціў ракеты, якія накіраваныя не толькі на цывільнае насельніцтва Украіны, але і ўпалі на тэрыторыю NATO ў Польшчы. Латвія цалкам падтрымлівае польскіх сяброў і асуджае гэтае злачынства».

Міністарка абароны Чэхіі Яна Чэрнахава выказала салідарнасць з Польшчай і Украінай, а таксама дадала: нават калі ракета была памылкай ці правакацыяй, гэта яшчэ адна эскалацыя з боку Расеі, якой нельга пакідаць без адказу.

Міністэрства замежных справаў Эстоніі напісала, што навіны з Польшчы выклікаюць занепакоенасць, але Эстонія ў шчыльным кантакце з Польшчай і іншымі саюзнікамі, гатовая «бараніць кожную цалю тэрыторыі NATO» і салідарная з Польшчай.

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская ў Twitter выказала занепакоенасць з прычыны навінаў пра смерць двух чалавек у Польшчы з прычыны расейскай агрэсіі ва Украіне. Думкамі яна з сем’ямі ахвяраў, напісала Ціханоўская, і дадала: «Еўропа сядзіць на парахавой бочцы, маючы за суседзяў двух злачынных дыктатараў – Пуціна і Лукашэнку».

Міністэрства абароны Расеі назвала «наўмыснаю правакацыяй» звесткі пра падзенне расейскіх ракетаў у Польшчы. Расейскі бок сцвярджае, што не наносіў удараў «расейскімі сродкамі паражэння» блізу ўкраінска-польскай мяжы, і падкрэслівае, што аскепкі, знойдзеныя ў Пшэводаве, «не маюць ніякага дачынення да расейскіх сродкаў паражэння». А ў дзяржаўным расейскім «РИА Новости» вайсковы эксперт Аляксей Леванкоў ужо заявіў, што ў Польшчу маглі заляцець украінскія ракеты сістэмы С-300 (хоць такімі па Украіне страляе і сама Расея).

Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» наконт заяваў пра ракеты з С-300 адзначыла: нават калі дапусціць, што гэта была ракета ўкраінскай супрацьпаветранай абароны, то яна ўпала, бо Расея вядзе абстрэлы мірных украінскіх гарадоў і аб’ектаў цывільнай інфраструктуры. Калі сапраўды было дзве ракеты, дык можна меркаваць, што ўкраінскую ракету выпусцілі на перахоп расейскай, – і абедзве ўпалі на тэрыторыі Польшчы. Так ці іначай, калі гэта сапраўды ракета, то яна ўпала на тэрыторыю Польшчы толькі таму, што Расея пачала вайну супраць Украіны, робіць выснову «Гаюн».

Гэта артыкул 5 NATO? Хутчэй, артыкул 4

Польшча ёсць чальцом NATO, а паводле артыкулу 5 у выпадку, калі любая з дзяржаваў – чальцоў Альянсу становіцца ахвярай узброенага нападу, усе астатнія без выключэння чальцы NATO палічаць гэта нападам на іх усіх і прымуць захады, якія палічаць мэтазгоднымі, каб дапамагчы сябру Альянсу.

У сацыяльных сетках і месенджарах ужо распаўсюджваюцца чуткі аб запуску артыкулу 5. Аднак афіцыйных паведамленняў пра гэта або хаця б развагаў афіцыйных польскіх спікераў не было.

У каментары «Белсату» польскі вайсковы эксперт Павел Флейшэр параіў дачакацца афіцыйных заяваў польскага ўраду адносна інцыдэнту ў Пшэводаве. Тым не менш, ён выказаў меркаванне, што ўлады Польшчы вырашаць ужыць артыкул 4 Паўночнаатлантычнай дамовы, якая прадугледжвае кансультацыі з саюзнікамі ў NATO адносна прыняцця канкрэтных крокаў. Таксама, на думку эксперта, 16 лістапада ў польскае МЗС будзе выкліканы амбасадар Расеі.

  • Расея 15 лістапада нанесла масаваны ракетны ўдар па Украіне. Паведамляецца, што войскі РФ выпусцілі каля 100 ракетаў. Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» паведамляе, што з тэрыторыі Беларусі запускаў ракет не заўважылі.
Hавiны
Кіеў адрэагаваў на чарговы ракетны ўдар Расеі па Украіне
2022.11.15 19:21

Алена Аляксандрава, Алесь Наваборскі, Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў