Польшча павысіла боегатовасць асобных войскаў праз выбух на мяжы з Украінай


Днём 15 лістапада на польска-ўкраінскай мяжы здарыўся выбух, у выніку якога загінулі два чалавекі. Дакладная прычына выбуху невядомая, аднак мясцовыя жыхары кажуць пра ракеты. Польшча склікала тэрміновую нараду Рады бяспекі, склікае Раду міністраў, але выказваюцца максімальна асцярожна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія вайскоўцы. Шудзялова, Польшча. 10 лістапада 2021 года.
Фота: ЮШ / Белсат

У паселішчы Пшэводаў Люблінскага ваяводства два чалавекі загінулі ад выбуху – гэта пакуль усё, што дакладна ведаюць польскія ўлады. Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі пасля навінаў пра гэта і чутак аб падзенні расейскіх ракетаў склікаў тэрміновую нараду Рады нацыянальнай бяспекі і абароны.

Па выніках нарады афіцыйны прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер сказаў: вядома, што быў выбух і што загінулі два чалавекі. Мюлер дадаў, што кожнае паведамленне ў цяперашніх умовах вымагае вялікай асцярожнасці, таму Польшча не робіць заўчасных высноваў. На месцы экстраныя службы высвятляюць акалічнасці.

У сувязі з сітуацыяй Польшча павышае боегатовасць некаторых вайсковых адзінак і гатовасць іншых службаў, інфармуе Мюлер.

Ці актываваць артыкул 4 Паўночнаатлантычнай дамовы (аб кансультацыях у межах NATO), яшчэ высвятляюць, кажа па выніках нарады кіраўнік Бюро нацыянальнай бяспекі Польшчы Яцэк Севера. Польшча трымае кантакт з ключавымі саюзнікамі, у тым ліку са Злучанымі Штатамі.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда праводзіў размову з Генеральным сакратаром NATO, з прэзідэнтам Злучаных Штатаў і з прэзідэнтам Украіны. Аб выніках перамоваў Дуды з кіраўнікамі ЗША і Украіны не паведамлялі.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг пасля размовы з прэзідэнтам Польшчы напісаў у Twitter, што выказаў яму спачуванні, што NATO сочыць за сітуацыяй, а саюзнікі шчыльна кансультуюцца, але важна высветліць усе факты.

Неўзабаве мае адбыцца паседжанне Рады міністраў Польшчы, таксама апоўдні 16 лістапада мусіць прайсці яшчэ адно паседжанне Рады нацыянальнай абароны.

Раней польскі апазіцыйны лідар Дональд Туск заклікаў «у сітуацыі небяспекі, незалежна ад унутраных спрэчак і рознагалоссяў […] быць згуртаванымі і салідарнымі».

Абноўлена
У Польшчы на мяжы з Украінай два чалавекі загінулі ад выбуху. Медыі: упалі дзве расейскія ракеты
2022.11.15 21:51

Да здарэння павышаная ўвага праз месца, дзе яно адбылося, і чуткі вакол яго: сапраўды не выключана, што двух палякаў забіла расейская ракета. Да таго ж, здарэнне адбылося на тле масаванага абстрэлу Расеяй украінскай цывільнай інфраструктуры, у тым ліку на захадзе Украіны. Польшча чалец NATO, а здарэнне могуць ацаніць як напад на чальца NATO – а гэта значыць, напад на ўвесь Альянс. Ды Польшча пакуль не кажа пра ўжыванне адпаведнага артыкулу, а толькі пра праверку звестак нават перад тым, каб пачаць шырокія кансультацыі з саюзнікамі з NATO.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў