ААН: Насельніцтва Зямлі дасягнула васьмі мільярдаў чалавек


15 лістапада насельніцтва Зямлі, паводле падлікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, дасягнула васьмі мільярдаў чалавек. Пра гэта паведаміла прэс-служба арганізацыі.

«Гэта гістарычная вяха ў развіцці чалавецтва», – адзначаюць у ААН і ўдакладняюць, што для павелічэння насельніцтва Зямлі на адзін мільярд спатрэбілася 12 гадоў.

Такі рост, паводле арганізацыі, стаўся магчымы дзякуючы павелічэнню працягласці жыцця людзей, які, у сваю чаргу, тлумачыцца паляпшэннем грамадскай аховы здароўя, харчавання і асабістай гігіены, а таксама высокімі і ўстойлівымі ўзроўнямі нараджальнасці ў некаторых краінах свету, а менавіта ў Азіі ды Афрыцы.

Як адзначае ААН, самы высокі ўзровень нараджальнасці фіксуецца, як правіла, у краінах з нізкімі паказнікамі даходу на душу насельніцтва, то бок глабальны прырост насельніцтва канцэнтруецца ў найбяднейшых краінах свету.

Паводле прагнозаў ААН, насельніцтва Зямлі вырасце да 2030 года да 8,5 мільярда чалавек, а да 2037 года – да 9 мільярдаў. Арганізацыя прагназуе, што чалавецтва дасягне піку ў 2080 годзе, калі на Зямлі будзе 10,4 мільярда чалавек, і застанецца на такім узроўні да 2100 года.

У Беларусі на 1 студзеня 2022 года жылі 9 255 500 чалавек, гэта каля 0,1 % насельніцтва Зямлі і 1,3 % насельніцтва Еўропы, Беларусь займае 95-е месца ў свеце паводле колькасці насельніцтва.

Меркаванні
Налятай, патаннела? Банкі знізілі стаўкі па крэдытах на жыллё
2022.11.14 17:03

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў