Марыя Калеснікава ў СІЗА сустрэлася з бацькам


Кажа, хацела б падпісацца на расейскую «Новую газету», галоўны рэдактар якой нядаўна атрымаў Нобелеўскую прэмію.

Аляксандр Калеснікаў 14 кастрычніка сустрэўся са сваёй дачкой, палітзняволенай Марыяй Калеснікавай, піша Telegram-канал каманды Віктара Бабарыкі.

На спатканні ў следчым ізалятары бацька і дачка паразмаўлялі гадзіну па тэлефоне. Марыя «выглядае бадзёрай, шмат чытае і сочыць за навінамі». Яна расказала, што хацела б падпісацца на расейскую «Новую газету» і ведае, што галоўнага рэдактара Дзмітрыя Муратава ўганаравалі Нобелеўскай прэміяй міру – прасіла перадаць яму вялікія віншаванні.

Калеснікава таксама ведае, што яе саму ўганаравалі прэміяй у галіне правоў чалавека імя Вацлава Гавэла. Кажа, вельмі ганарыцца гэтай узнагародай і лічыць, што гэтая прэмія – для ўсіх палітычных зняволеных.

Таксама яна прасіла перадаць прывітанні Святлане Алексіевіч, дачцэ Віктара Бабарыкі Марыі, усім сябрам і паплечнікам.

Артыкулы
Марыю Калеснікаву ўганаравалі прэміяй Вацлава Гавэла
2021.09.27 15:54

Марыю Калеснікаву выкралі ў Менску 7 верасня 2020 года, спрабавалі гвалтоўна вывезці ва Украіну, але яна не дала выдварыць сябе і парвала на мяжы пашпарт. На наступны дзень яе змясцілі ў СІЗА, праз год асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады».

АА belsat.eu

Стужка навінаў