Суд над былым міліцыянтам і новая «экстрэмісцкая» арганізацыяй. Рэпрэсіі за 15 верасня


У Беларусі працягваюцца затрыманні і суды паводле палітычна матываваных справаў. «Белсат» адсочвае выпадкі пераследу беларусаў. Пра што стала вядома 15 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менск, Беларусь. 8 верасня 2020 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Вярхоўны суд прызнаў «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» «экстрэмісцкай» арганізацыяй. Такое рашэнне прыняў суддзя Сяргей Мікалаеў. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме з удзелам КДБ.

Былога міліцыянта з Берасця Кірыла Гняздзілава затрымалі на мяжы, калі той вярнуўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей. Яго асудзілі на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 130 КК («Садзейнічанне распальванню сацыяльнай варожасці»), ч. 1 арт. 179 КК («Незаконныя дзеянні ў дачыненні інфармацыі аб прыватным жыцці»). Вядома, што справа звязаная з «Чорнай кнігай Беларусі». Кірыл з 2007 года працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 года і перайшоў працаваць у сферу IT.

Hавiны
Былога міліцыянта з Берасця затрымалі на мяжы, калі ён вяртаўся ў Беларусь
2023.09.15 17:53

Сілавікі затрымалі мужчыну за «знявагу дзяржаўнай сімволікі». 37-гадовага жыхара Баранавіцкага раёну вінавацяць у тым, што ён пашкодзіўшы флагшток, сарваў з фасада крамы чырвона-зялёны сцяг і аднёс дадому. У хуткім часе мужчына быў затрыманы, супраць яго распачалі крымінальную справу.

ГУБАЗіК затрымаў 18-гадовага беларуса, які нібыта хацеў далучыцца да палка Каліноўскага. На «пакаянным» відэа» хлопец кажа, што прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама хацеў далучыцца да палка імя Кастуся Каліноўскага і звязаўся з імі ў Telegram.

За распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавалі бібліятэкарку з Талачыну Таццяну Пабяржыну. Штраф склаў 1110 рублёў. Падчас суда нібыта было ўстаноўлена, што Таццяна ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники» мела падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы «Zerkalo» і «Белсат». Таксама суддзя пастанавіла канфіскаваць тэлефон жанчыны.

Палітвязня Уладзіміра Гундара змясцілі ў ШІЗА, з ім няма сувязі ўжо 42 дні. Паводле праваабаронцаў, апошні раз ён патэлефанаваў родным 3 жніўня з калоніі, а з таго часу ні званкоў, ні лістоў не было. Уладзіміра асудзілі да 20 гадоў калоніі.

Hавiны
«BELPOL»: Сілавікам у Беларусі сабраліся дазволіць затрыманне без прычыны на 20 дзён
2023.09.15 14:47

У Горадні затрыманы яшчэ адзін удзельнік ініцыятывы па стварэнні палітычнай партыі «Разам» – гэта партыя штабу Бабарыкі. Паводле праўладных тэлеграм-каналаў, мужчына прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога», а таксама прымаў удзел у ініцыятыве па стварэнні палітычнай партыі «Разам». Напачатку верасня ў Горадні быў затрыманы мужчына, якога сілавікі таксама абвінавацілі ў датычнасці да стварэння гэтай партыі.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў