Сітуацыя пад Бахмутам: ЗСУ вызвалілі Андрэеўку і зачышчаюць Клішчыеўку


«Белсат» падводзіць вынікі 569-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы рыхтуюцца да стральбы з самаходнай гаўбіцы М109 па расейскіх войсках у Данецкай вобласці, Украіна. 11 верасня 2023 года.
Фота: Staff / Reuters / Forum

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што на купянскім і ліманскім кірунках знізілася інтэнсіўнасць баявых дзеянняў.

Разам з тым захоўваецца высокая шчыльнасць артылерыйскіх абстрэлаў.

Паводле Маляр, цягам апошніх содняў Узброеныя сілы РФ наступалі на паўночным усходзе ад сяла Бераставое ў Харкаўскай вобласці, а таксама каля Белагораўкі ў Луганскай, але ўсе атакі былі адбітыя ўкраінскімі вайскоўцамі.

Аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што таксама расейцы намагаюцца аднавіць ініцыятыву каля Новаягораўкі ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці, але поспеху не дасягнулі.

У гэты ж час у Міністэрстве абароны РФ паведамілі пра адбіццё атак праціўніка каля населенага пункту Торскае на поўначы Данецкай вобласці. На гэтым участку фронту цягам апошніх тыдняў ініцыятыва захоўваецца за Збройнымі сіламі Украіны.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Ганна Маляр піша, што на поўначы ад Бахмуту ініцыятывай валодаюць УС РФ.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў фіксуе атаку войскаў РФ каля сяла Багданаўка на паўночным захадзе ад гораду.

Разам з тым на поўдні ад раённага цэнтру наступаюць Збройныя сілы Украіны. Тут баі ідуць па лініі населеных пунктаў Клішчыеўка – Андрэеўка – Курдзюмаўка.

Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, цягам апошніх содняў ЗСУ вызвалілі сяло Андрэеўка, а таксама дасягнулі поспеху ў ваколіцах Клішчыеўкі.

Інфармацыю пра пераход пад украінскі кантроль Андрэеўкі пацвердзілі і ў 3-й асобнай штурмавой брыгадзе ЗСУ.

Адзначаецца, што ў ходзе аперацыі быў аточаны і разбіты расейскі гарнізон, які знаходзіўся ў населеным пункце. У прыватнасці, цягам апошніх двух содняў быў ліквідаваны начальнік брыгаднай разведкі, трое камбата і амаль уся пяхота 72-й брыгады УС РФ разам з афіцэрамі і значнай колькасцю тэхнікі.

Паводле крыніцы, вызваленне і ўтрыманне Андрэеўкі – гэта шлях да прарыву на правым фланзе Бахмуту, а таксама ключ да поспеху ўсяго далейшага наступу.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша, што цяпер УС РФ занялі пазіцыі на лініяй мясцовай чыгункі (на ўсходзе ад Андрэеўкі). Адзначаецца, што цяпер фактычна ўсе вышыні на поўдні ад Бахмуту знаходзяцца пад кантролем ЗСУ, што робіць складаным утрыманне самога гораду.

На гэтым фоне ўкраінскія вайскоўцы ўзнавілі атакі на раённы цэнтр з паўднёвага захаду.

Адначасова з гэтым працягваецца зачыстка суседняга сяла Клішчыеўка. Праўкраінскі «Говорять Снайпер» сцвярджае, што неўзабаве і гэты населены пункт будзе вызвалены. На гэтым участку фронту асноўныя сілы РФ таксама адышлі да лініі чыгункі на поўначы і ўсходзе ад сяла.

Hавiны
Украіна адваявала Андрэеўку – яшчэ адно сяло пад Бахмутам
2023.09.15 12:22

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, у ваколіцах Данецку цягам апошніх содняў расейцы няўдала атакавалі каля Аўдзееўкі, Ластачкіна і Мар’інкі.

У Deepstate адзначаюць, што ў самой Мар’інцы УС РФ намагаліся палепшыць сваё тактычнае становішча, але поспеху не дасягнулі. Баі за гэты населены пункт ідуць ужо 19-ы месяц.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

У Мінабароны РФ паведамілі пра адбіццё атакі ЗСУ каля сяла Новамаёрскае на захадзе Данецкай вобласці.

Аналітыкі Deepstate таксама фіксуюць баі на гэтым участку, але гавораць, што іхны вынік пакуль невядомы.

Між тым прарасейскі «Воин DV» піша пра зрывы атак Збройных сілаў Украіны каля Новамаёрскага, Новаданецкага і Прыютнае. Пры гэтым агулам, паводле крыніцы, цягам содняў сітуацыя на бярдзянскім кірунку заставалася адносна спакойнай.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

Паводле Deepstate, на мелітопальскім кірунку працягваюцца баі вакол Работына і каля Вербавага ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці, а таксама па трасе T-0803 (каля Лугаўскога).

Сямён Пегаў удакладняе, што каля Вербавага баі ідуць фактычна на паўночным захадзе ад сяла. Пры гэтым па трасе T-0803 атакуюць УС РФ, якія імкнуцца зайсці з флангу ўкраінскай групоўцы каля Вербавага і Работына.

Між тым Ганна Маляр сцвярджае, што контратакі расейцаў каля Вербавага і Лугаўскога скончыліся для Узброеных сілаў РФ значнымі стратамі ў жывой сіле і тэхніцы.

Hавiны
Полк Каліноўскага заявіў аб вызваленні Клішчыеўкі ў Бахмуцкім раёне, але пазней гэта зняпраўдзіў
2023.09.15 17:22

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў