«BELPOL»: Сілавікам у Беларусі сабраліся дазволіць затрыманне без прычыны на 20 дзён


Цяпер сілавікі ў Беларусі могуць трымаць людзей без выбару меры стрымання толькі цягам трох дзён (72 гадзіны), а чалавека, якому не выставілі абвінавачвання, – 10 дзён. Паводле звестак арганізацыі былых сілавікоў «BELPOL» з некалькіх крыніцаў, гэтыя тэрміны збіраюцца павялічыць адпаведна да 10 і 20 дзён. Таксама збіраюцца даць больш правоў пракурорам, адабраць правы ў начальнікаў следчых.

Тэрміны беспадстаўнага затрымання рэгулююць ч. 2 і 3 арт. 40 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Фармальна для затрымання трэба, каб былі хаця б падазрэнні аб учыненні злачынства, але фактычна затрымліваць могуць і тых, каму няма чаго выставіць у абвінавачванне, – ды павінны адпускаць цягам 10 дзён, калі не знойдзецца, што выставіць.

Акрамя павелічэння тэрмінаў беспадстаўнага затрымання, паводле звестак «BELPOL», з Крымінальна-працэсуальнага кодэксу плануюць таксама выключыць ч. 2 арт. 333 – яна дазваляла сведкам і пацярпелым на судзе блакаваць паказанні, атрыманыя ад іх падманам ці пагрозай у час дасудовага вядзення.

Пракурорам, сцвярджае «BELPOL», збіраюцца даць паўнамоцтвы выдаваць следчым абавязковыя да выканання загады ў прыцягненні людзей у якасці абвінавачаных, у кваліфікацыі злачынстваў і аб’ёме абвінавачвання. Адвакатам, відавочна, такіх правоў загадваць следчаму не дадуць. А ў начальнікаў следчых падраздзяленняў збіраюцца адабраць права скасаваць незаконныя пастановы следчага ў спыненні папярэдняга расследавання і адмове ў пачатку крымінальнай справы.

«Агулам сутнасць зменаў будзе зведзеная да пагаршэння становішча падазраванага, пазбаўлення следчага працэсуальнай самастойнасці і ўзмацнення ролі пракуратуры», – рэзюмуе «BELPOL».

Апошнія змены ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс былі ўнесеныя 17 ліпеня сёлета. Тады Аляксандр Лукашэнка дазволіў судзіць памерлых.

Hавiны
ГУБАЗіК неафіцыйна прызнаў, што пераследуе іншадумцаў без законных падставаў
2023.08.28 12:27

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў