Якія каштоўнасці ўзяць у Новую Беларусь?

Мы цяпер шмат чуем пра Новую Беларусь, як вобраз нейкай ідэальнай краіны будучыні. У той жа час дэталі гэтай краіны будучыні пакуль крыху размытыя.  На якім падмурку можа быць пабудаваная Беларусь будучыні? 

Адказаць на гэтае пытанне важна, паколькі гаворка ідзе не пра касметычнае пераўладкаванне, а пра фундаментальнае пераўстанаўленне дзяржавы. «Касметычны рамонт» ужо быў, калі пасля камунізму да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка і пад фасадам «дэмакратычных» інстытутаў засталіся тыя ж самыя бесчалавечныя камуністычныя практыкі.

Ужо цяпер нам трэба паспрабаваць знайсці каштоўнасці, якія аб’яднаюць беларусаў у няпросты час пасля вайны і кіравання Лукашэнкі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Усведамляючы адказнасць…

У 1949 годзе ў Нямеччыне, якая аднаўлялася пасля праўлення фашыстаў, быў прыняты асноўны закон, які пачынаецца так: «Усведамляючы сваю адказнасць перад Богам і чалавецтвам, натхнёны імкненнем служыць раўнапраўным членам ў аб’яднанай Еўропе дзеля міру ва ўсім свеце, нямецкі народ, зыходзячы з сваёй канстытуцыйнай улады, прыняў гэты Асноўны закон. Немцы ў землях Бадэн-Вюртэмберг, Баварыя, Берлін, Брандэнбург, Брэмен, Гамбург, Гесэн, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Ніжняя Саксонія, Паўночны Рэйн-Вестфалія, Рэйнланд-Пфальц, Саар, Саксонія, Саксонія-Анхальт, Шлезвіг-Гальштэйн і Цюрынгія дамагліся адзінства і свабоды Нямеччыны ў вольным самавызначэнні».

У прэамбулах асноўных законаў заканадаўцы звычайна згадваюць тое, што лічаць найбольш важным для краіны. Мы бачым, што немцы, пасля паразы фашызму, прыйшлі да згоды будаваць новую дзяржаву, грунтуючыся на такіх каштоўнасцях, як хрысціянства і адказнасць перад людзьмі, аб’яднаная Еўропа і роля Нямеччыны ў ёй, мірнае вырашэнне канфліктаў, адзінства Нямеччыны ў спалучэнні са свабодай самавызначэння зямель. Так, у адной фразе згаданыя найважнейшыя для немцаў каштоўнасці пры пабудове новай дзяржавы.

Самае важнае што?

Людзі ўсю гісторыю спрабуюць сфармуляваць адказ на пытанне аб найважнейшых каштоўнасцях чалавецтва. Адзін з іх – Айзек Азімаў – яшчэ ў 1942 годзе задаваўся пытаннем, што можа стаць падмуркам для ўсяго чалавецтва, і напісаў серыю твораў «Аснова».

Яго галоўны герой-матэматык – навучыўся прагназаваць сацыяльныя і палітычныя крызісы чалавецтва. Паколькі пазбегнуць іх немагчыма, ён вырашае стварыць нейкі праект, які закліканы дапамагчы справіцца з гэтымі крызісамі.

Паводле задумы аўтара, праект збярэ назапашаныя дадзеныя ў асобнае сховішча на краі свету, і пакуль чалавецтва захоплена будзе займацца знішчэннем адзін аднаго, ён захавае і перадасць нашчадкам самае важнае, што было створана за тысячы гадоў. Самае важнае што?

Фізікі ці лірыкі?

Пад самым важным – эсэнцыяй жыцця чалавецтва – маюцца на ўвазе веды, формулы, матэматычныя разлікі, якія дазваляюць апанаваць навукова-тэхнічны прагрэс.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камеры відэаназірання на ўваходзе ў метро.
Фота: Белсат

Паўстае пытанне, а ці з’яўляюцца сапраўднай асновай для нашага жыцця веды аб тым, як працуе рухавік, як свідруюць свідравіны і вырабляецца электрычнасць?

У такой тэхнакратычнай тэорыі цяпер ёсць мноства паслядоўнікаў, асабліва сярод ІТ-спецыялістаў. Людзі шчыра вераць, што чарговая лічбавая платформа дапаможа справіцца з фальсіфікацыямі пры галасаванні, відэакамеры знізяць злачыннасць, электронная сістэма тэндэраў знішчыць карупцыю і пры належным развіцці медыцынскіх нанаробатаў смяротныя захворванні будуць пераможаныя.

Ці не апынецца так, што надзея на чарговую электрычную цацку, якая нібыта зробіць жыццё чалавецтва больш бяспечным, дасканалым, устойлівым – насамрэч небяспечная памылка? Ці можа вера ў тэхнакратыю стаць настолькі ж разбуральнай, як і вера ў тое, што, перакруціўшы 10 біблейскіх запаведзяў у кодэкс будаўнікоў камунізму можна атрымаць царства нябеснае на зямлі проста тут і цяпер?

Розныя народы неаднаразова ажыццяўлялі падобныя сацыяльныя эксперыменты, але замест царства нябеснага пастаянна атрымлівалася спачатку масавая разня, а затым канцлагер.

Калі тэхнічны ўзровень развіцця апярэджвае ўзровень адносінаў у грамадзтве, тады дасягнення прагрэсу выкарыстоўваюцца не на карысць, а на шкоду. Іншымі словамі – калі даць абарыгену, які недалёка які адыйшоў ад племяннога або феадальнага ладу, веды, якія дазваляюць ствараць кулямёт, больш эфектыўны, чымсьці лук і стрэлы, то вынікам гэтага «тэхналагічнага скачка», на жаль, хутчэй за ўсё, стане адно толькі больш эфектыўнае вынішчэньне супляменнікаў. Гэтае сцвярджэнне шматкроць праверанае гісторыяй Паўночнай Афрыкі і Усходняй Еўропы.

Калі ж нейкае грамадства будзе напітвацца этыкай, гісторыяй, культурай, літаратурай, правам, каштоўнасцямі, верай, у рэшце рэшт, то ёсць надзея, што гэтая народнасць, пазней атрымаўшы ў рукі веды матэматыкі, фізікі і механікі, канвертуе іх не ў кулямёт, а, напрыклад, у аўтаматычную сістэму паліву.

Дакладныя навукі дапамагаюць стварыць чалавеку новую тэхналогію. Гуманітарныя – вызначаюць, як чалавек гэтай тэхналогіяй распарадзіцца. Гэта значыць, што менавіта гэтай тэхналогіяй ён будзе аўтаматызаваць: разрыхленне глебы або ўгнаенне гэтай глебы косткамі суседзяў.

Біблія, як ідэалагічная база

Герой постапакаліптычнай «Кнігі Ілая» прыносіць людзям адзіны ацалелы асобнік Бібліі, перакананы, што гэта дапаможа выжыць ацалелай частцы чалавецтва. На яе, аднак, палюе галоўны антаганіст, які верыць, што, займеўшы гэтую кнігу, ён «зможа заняволіць ўсе народы, бо кіраўнікі старажытнасці кіравалі краінамі і кантынентамі пры дапамозе Бібліі».

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

У антаганіста ўжо дастаткова узброеных наймітаў для таго, каб усталяваць ўладу гвалтам, але ён разумее, што для сапраўды доўгатэрміновай трывалай улады адно толькі зброі замала — патрэбна духоўная аснова. Калі хочаце – ідэалагічная база. Так, біблейскія тэксты сапраўды можна выкарыстоўваць для захопу ўлады і апраўдання карупцыі, гісторыя гэта пацвярджае.  Ваенныя злачынствы расейцаў таксама дасягнулі свайго маштабу шмат у чым дзякуючы даробку РПЦ у агрэсіўную прапаганду.

Аднак перакручаная любоў да ўлады ў іерархаў некалькіх адсоткаў хрысціян не адмяняе таго, што Біблія, Евангелле, у сціслым выглядзе — Нагорная пропаведзь — гэта найлепшы этычны кодэкс для чалавецтва.

Еўрапейская і амерыканская цывілізацыі былі пабудаваныя на гэтай аснове. Можна знаходзіць у хрысціянстве заганы – яны сапраўды існуюць. Можна казаць, што Захад Еўропы жыве ўжо не ў рэлігійным, а ў свецкім, постхрысціянскім свеце, і гэта таксама праўда. Але тое, што асновай заходняй цывілізацыі, яе этычным кодэксам, падмуркам грамадства, рэгулятарам адносінаў, найважнейшай крыніцай права, меркай дабра і зла на працягу апошніх 2000 гадоў з’яўлялася менавіта хрысціянства, адмаўляць немагчыма. Гэта гістарычны факт.

«Democracy is the worst form of government, except all the others that have been tried» (дэмакратыя — найгоршая форма праўлення, за выключэннем усіх астатніх, якія былі выпрабаваныя), — казаў Уінстан Чэрчыль.

Перафразуючы яго, можам сказаць, што пры ўсіх заганах заходняй цывілізацыі, чалавецтва за некалькі тысяч гадоў развіцця не стварыла нічога больш трывалага.

Практыка – крытэр ісціны. Каб Беларусь будучыні здзяйснілася – яна мае стаяць толькі на самым трывалым падмурку.

belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў