Мінздароўя прыпыніць дзейнасць клінікі «Мерсі», звязанай з атачэннем Лукашэнкі


Праца клінікі «Мерсі» будзе прыпыненая ад 26 верасня, піша «БелТА» са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя. Прычынай называюць грубыя парушэнні ў медычнай і бюракратычнай сферах. Клініка звязаная з прадпрымальнікамі, блізкімі да Віктара Лукашэнкі – сына Аляксандра Лукашэнкі.

Клініка «Мерсі». Менск, Беларусь.
Фота: Клиника “Мерси” / Facebook

Калегія Мінздароўя выявіла такія парушэнні:

  • адсутнасць медычнай дакументацыі і дамоваў на тэхнічнае абслугоўванне тэхнікі;
  • выкарыстанне незарэгістраванай медычнай тэхнікі;
  • невыкананне клінічных пратаколаў дыягностыкі і лекавання, у тым ліку ў анестэзіялогіі і рэанімацыі;
  • парушэнні ў правядзенні медычных аглядаў і экспертызаў часовай непрацаздольнасці;
  • парушэнні ў аказанні неадкладнай медычнай дапамогі;
  • неналежнае захоўванне лекаў;
  • парушэнне санітарных нормаў, правілаў і гігіенічных нарматываў, санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў.

Дзейнасць прыпыняюць да ліквідацыі гэтых парушэнняў. Колькі гэта можа заняць на практыцы, не ўдакладняецца – але, напрыклад, у «Ладэ» ліквідацыя доўгага шэрагу парушэнняў заняла каля месяца, а «Нардзін» не працуе ўжо больш за месяц. Прычыны прыпынення працы «Лодэ» і «Нардзіна» называлі палітычнымі, прынамсі ў «Лодэ» прыходзілі спісы на палітычныя звальненні, а дзяржаўныя медыі публікавалі «пакаянныя відэа» медыкаў.

Прыватная клініка «Мерсі» з’явілася ў 2017 годзе, пасля «справы артапедаў» клініка робіцца фактычна манапалістам на гэтым рынку. Установа належыць чатыром асобам, высветліў Беларускі расследавальніцкі цэнтр. Сярод двух уласнікаў – былы працаўнік кампаніі Аляксея Алексіна «ЭнергаОіл» Максім Тураў, а таксама партнёр «МТБанку» Людміла Няронская. Суўладальнікі – Артур Зубарык і Наталля Караткевіч, прычым гэта сужэнцы. Яны маюць дзелавыя стасункі з Алексіным і яшчэ адным прыбліжаным да ўладаў алігархам – Зайцавым. Алексін і Зайцаў трапілі пад санкцыі з фармулёўкай «за падтрыманне рэжыму Лукашэнкі» і лічацца набліжанымі да Лукашэнкі. І гэтыя прадпрымальнікі вельмі блізкія да Віктара Лукашэнкі.

Аналітыка
Ні лекараў, ні эндапратэзаў. Беларусь закупляе індыйскія, а беларусы едуць мяняць суставы ў Расею
2022.07.21 13:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў