«Я не вытрымаю гэтую «хімію». У Рэчыцы асудзілі хворую на рак пенсіянерку


65-гадовую Людмілу Хлусевіч будуць судзіць за абразлівы каментар пад допісам пра міліцыянта з Вялейкі. За апошнія паўгода пенсіянерка перажыла ператрус, каля 10 допытаў, правяранне ў адной крымінальнай справе і абвінавачванне ў другой. Рэчыца, Беларусь. 26 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

65-гадовай Людміле Хлусевіч прысудзілі 1 год і 6 месяцаў «хатняй хіміі» за некалькі абразлівых слоў у «Аднакласніках» пад пастом пра ўчастковага з Вілейкі.

Справу разглядала суддзя Марыя Кацуба, дзяржабвіначванне прадстаўляла пракурорка Юлія Гародная, якая прасіла для Людмілы 2 гады «хатняй хіміі». 15 верасня суддзя агучыла прысуд – паўтары гады «хатняй хіміі».

Жанчыну пакаралі за тое, што пад адным з пастоў у сацыяльных сетках пра ўчастковага Міхаіла Жарыкава з Вілейкі пакінула каментар з аднаго слова: «Тварь».

Пацярпелы міліцыянт з Вілейкі Міхаіл Жарыкаў на суд не з’явіўся.

За апошнія паўгады пенсіянерка з анкалагічнаю хваробаю (у яе – лейкоз) перажыла ператрус, каля 10 допытаў, праверку ў адной крымінальнай справе і абвінавачванне ў другой.

У размове з «Белсатам» Людміла Хлусевіч распавяла, што яна прасіла суд звярнуць увагу на ейны ўзрост, хваробу, спадзявалася, што яе пашкадуюць.

– Але каму мы там патрэбныя. Я баюся, што не вытрымаю гэтую «хімію», – кажа пенсіянерка. – Я не магу гэта ўсё спакойна перажываць, у мяне падымаецца ціск. Увогуле, ціск моцна скача – то высокі, то нізкі такі, што я не магу хадзіць, галава кружыцца, за сцяну трымаюся. Так што не дарэмна я тады тую запіску напісала – адчуваю, што нешта са мной здарыцца. І яны будуць першымі, хто мяне знойдзе, бо будуць жа хадзіць да мяне штодня правяраць.

Людміла кажа, што для яе цяжка будзе хадзіць адзначацца, а адначасова ўсе выходныя сядзець удома – не выйсці ў краму, аптэку, да сяброў паразмаўляць, што важна для пенсіянеркі, бо яна жыве адна.

– Для мяне чым так жыць, дык лепш увогуле не жыць, – кажа Людміла. – Дажыць да такіх гадоў – і тлумачыць кожнаму свой крок, адпрошвацца, каб у Гомель з’ездзіць на лячэнне. Гэта такое прыніжэнне.

Людміла распавяла, што падчас суду даведалася, што з яе збіраюцца яшчэ спагнаць маральную кампенсацыю. Суму пакуль не агучвалі.

Артыкулы
Здзекаў і катаванняў не вытрымала: пенсіянерка з Рэчыцы ў чаканні суда за абразу міліцыянта напісала перадсмяротны ліст
2021.05.27 12:31

У жанчыны ёсць пяць дзён на апеляцыйную скаргу, але яна не ўпэўнена, што будзе гэта рабіць, бо гэта каштуе грошай і яна не верыць, што абскарджанне дасць нейкі вынік.

Крымінальны працэс над Хлусевіч пачаўся яшчэ 25 чэрвеня. Але ў сувязі з тым, што Людміла Хлусевіч падчас следства пісала перадсмяротную запіску, дзе прасіла ў выпадку яе заўчаснай смерці вініць ва ўсім дзяржаву, суддзя Кацуба прызначыла комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.

На перадапошнім судовым пасяджэнні 13 верасня суддзя агучыла заключэнне экспертаў, якія прыйшлі да высновы, што падчас напісання абразлівых каментароў абвінавачаная не знаходзілася ў стане афекту і асэнсоўвала свае ўчынкі і магчымыя наступствы.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў