Вальфовіч: Ядравая зброя ў Беларусі не пагражае іншым краінам


Аляксандр Вальфовіч, выступаючы на ХІ Маскоўскай канферэнцыі міжнароднай бяспекі, падкрэсліў, што размяшчэнне тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі ёсць вымушанай мерай і ні ў якім разе не пагражае іншым краінам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Ядравая зброя.
Фота: mil.ru

Cакратар Савету бяспекі РБ адзначыў, што Беларусь выступае за «мір, добрасуседства і ўзаемапавагу, павагу інтарэсаў іншых краінаў». Але бачачы, што на тэрыторыі Польшчы і краінаў Балтыі адбываецца «разгортванне новых груповак, паступленне новага ўзбраення, закладванне новых грошай у бюджэт на ўзбраенне краінаў», Беларусь вымушаная «прымаць меры стратэгічнага характару, стратэгічнага стрымлівання для гарантавання бяспекі».

«Размяшчэнне тактычнай ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі (сёння гаварылася пра гэта на канферэнцыі) – гэта вымушаная мера, якая ні ў якім разе не пагражае бяспецы ні Польшчы, ні Літвы, ні іншых краінаў. Яна будзе ўжытая толькі тады, калі нехта паспрабуе паквапіцца на незалежную тэрыторыю Рэспублікі Беларусь», – сказаў Аляксандр Вальфовіч.

У адваротным выпадку, паводле словаў дзяржсакратара Савету бяспекі, гэтая зброя будзе захоўвацца «з усімі правіламі і нормамі на складах». Ён выказаў надзею, што гэтая зброя ніколі не будзе прымененая, бо ў Беларусі разумеюць наступствы яе прымянення.

Кажучы пра ваенны патэнцыял краіны, Аляксандр Вальфовіч адзначыў, што «Беларусь ні з кім не ваюе, таму ўвесь наш запас – і аператыўны, і вайсковы, і стратэгічны – застаецца на складах, гатовы да прымянення».

«І, вядома ж, нам бы не хацелася, каб гэты запас быў калі-небудзь прыменены і выдаткаваны. Нам хопіць для таго, каб абараніць нашую краіну, і мала нікому не падасца», – заявіў Вальфовіч.

Нагадаем, што 25 сакавіка 2023 года ў адказ на рашэнне Вялікай Брытаніі паставіць снарады са збедненым уранам Украіне Уладзімір Пуцін абвесціў, што дамовіўся з Аляксандрам Лукашэнкам пра размяшчэнне і захоўванне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядравай зброі. 6 ліпеня Лукашэнка прызнаўся, што ядравыя боегалоўкі ўжо перамешчаныя ў Беларусь.

Hавiны
Амерыканская выведка пацвярджае, што расейская ядравая зброя ўжо можа быць у Беларусі
2023.07.22 10:10

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў