Як прайшоў першы дзень суда над палітзняволеным журналістам Дзянісам Івашыным


15 жніўня ў Гарадзенскім абласным судзе распачаўся суд над журналістам Дзянісам Івашыным, якога абвінавачваюць у здрадзе дзяржаве. Суд праходзіць у закрытым рэжыме. Дзяніса ў кайданках у калідорах будынку суда паказалі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

Дзяніса Івашына вядуць у судовую залу.
Фота: скрыншот з відэа тэлеканалу «Беларусь-1»

На кадрах сюжэту Дзяніса Івашына вядуць у судовую залу два міліцыянты. Рукі журналіста ў кайданках за спінай.

На працэс прыехалі еўрапейскія дыпламаты – прадстаўнікі Чэхіі, Вялікай Брытаніі, Аўстрыі. Журналістка тэлеканалу «Беларусь 1» Ксенія Лебедзева падышла да часовага паверанага ў справах Аўстрыйскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Рональда Штурма і задавала пытанні пра тое, чаму Аўстрыя спансуе «тэрарызм ва Украіне і забойствы рускіх», што потым і паказалі ў эфіры.

Перад будынкам суда Лебедзева таксама падышла да маці Дзяніса Людмілы Івашынай і запыталася ў жанчыны, навошта яна там. Маці палітвязня адказала, што хоча ўсіх паслаць услед за рускім ваенным караблём.

Дзяніс Івашын быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 12 сакавіка 2021 году. Журналіста абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве і супрацы з украінскай выведкай (ч.1 арт.356 КК РБ), а таксама ва ўмяшальніцтве ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных справаў (арт.365 КК РБ). Дзяніс знаходзіцца за кратамі ўжо 521 дзень. Палітвязню пагражае ад 7 да 15 гадоў зняволення.

Справу Івашына разглядае суддзя Валер Раманоўскі.

Дзяніс Івашын – гарадзенскі журналіст, вядомы расследаваннямі пра ўдзел беларускіх сілавікоў у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны ў складзе прарасейскіх фармаванняў, а таксама пра лёс чальцоў «Беркуту», якія ўцяклі з Украіны і служаць у беларускім АМАПе.

Hавiны
Патрыятызм ці злачынства? Каго і за што ў Беларусі вінавацяць у «здрадзе дзяржаве»
2022.04.08 14:36
Аб’ектыў
Барыс Гарэцкі: «Усё, што робіць незалежны журналіст у Беларусі, можа быць інкрымінавана як здрада дзяржаве»
2022.07.04 23:24

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў