За гістарычнае фота краязнаўцу прысудзілі 7 содняў арышту


Фота, за якое асудзілі жыхара Віцебска.
Фота: Viktor Borisenkov / Facebook

У Віцебску фотамастаку і краязнаўцу Віктару Барысенкаву прысудзілі 7 содняў арышту за публікацыю фотаздымку. Пра гэта ён паведаміў у Facebook.

На фотаздымку савецкія жаўнеры ў вызваленым ад нямецкіх нацыстаў Віцебску трымаюць трафейны сцяг са свастыкай. Паводле Віктара Барысенкава, гэты здымак ёсць у вольным доступе на дзясятках сайтаў.

Нягледзячы на гэта, краязнаўцу абвінавацілі ў «прапагандзе нацысцкай сімволікі».

«На мяне глядзяць цяпер са сваіх вышніх вышынь абодва маіх дзеды, якія ваявалі з акупацыйнай уладай паліцаяў і ляжаць цяпер у брацкіх магілах Віцебшчыны. Глядзяць змучаныя вайной бацькі, якія выхавалі мяне такім. І іх падтрымку я адчуваю. Але, Госпадзе, навошта ўсё гэта? Дзеля чаго я шукаў гэтыя здымкі і паказваў людзям? Для каго я марнаваў свой час, сваё каштоўнае жыццё і загубіў зрок? Госпадзе, я не быў ганарысты і заўсёды аддаваў вынікі сваёй працы людзям бязвыплатна і бескарысліва. І што за гэта я здабыў? Дзеля чаго я рабіў прэзентацыі і чытаў лекцыі ў школах і бібліятэках, рыхтаваўся, адпрошвацца з працы, дзе мне ставілі свой рахунак, ехаў кудысьці? Каму гэта было трэба, Госпадзе? Каму пайшло на карысць? Для чаго? Я быў даверлівы і адкрыты, Госпадзе, і заўсёды адгукаўся на просьбы. І што я за гэта атрымаў у выніку?»- задаецца пытаннем Віктар Барысенкаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў