Полк Каліноўскага абурыўся: BYSOL выкарыстоўвае фота ваяроў, а даў толькі 15 касак


Кіраўнік BYSOL адказаў спасылкай на справаздачы аб зборах за першыя 100 дзён поўнамаштабнай вайны і запрашэннем на адкрытую размову.

Прэс-служба палка Каліноўскага апублікавала 15 ліпеня відэа з абвінавачваннямі фонду BYSOL у тым, што сабраныя грошы нібыта не даходзяць да тых, каму іх збіраюцца.

Як заявіла прадстаўніца палка Каліноўскага, полк не супрацоўнічае з BYSOL, а той выкарыстоўвае фота ваяроў палка, узятыя без дазволу, а за ўвесь час правядзення збораў полк атрымаў ад BYSOL толькі 15 касак.

«Да нас звярнуўся шэраг беларускіх добраахвотнікаў, якія знаходзяцца ў складзе іншых падраздзелаў, з інфармацыяй, што дапамогу, якую абяцаў BYSOL , яны не атрымлівалі», – заявіла прадстаўніца палка.

Яна пералічыла: звярнуліся камандзір інтэрнацыянальнага батальёну «Тытан», удзельнік антыаўтарытарнага атраду з пазыўным Панк і былы баец адэскага атраду імя Ліцвіна Ігар з пазыўным Яша.

Апублікавалі зварот чалавека ў балаклаве, які называе сябе Ігарам з пазыўным Яша (ён кажа, што яму невядома аб атрыманні дапамогі ад BYSOL), камандзіра батальёну «Тытан» Ігара з пазыўным Янкі (ён кажа, што не атрымлівалі грошай і дапамогі ад BYSOL акрамя машыны «Ford Ranger») і аўдыё, на якім хтосьці ад імя чалавека з пазыўным Панк механічным голасам зачытвае тэкст (пра тое, што BYSOL аказаў дапамогу толькі ў набыцці машыны).

Полк Каліноўскага заклікаў пераводзіць грошы наўпрост на іхныя рахункі.

Андрэй Стрыжак.
Фота: Андрэй Стрыжак / Facebook

Атрымаць аператыўны каментар ад фонду BYSOL і ягонага кіраўніка Андрэя Стрыжака «Белсату» не ўдалося. Але Стрыжак спаслаўся на падборку вынікаў збораў грошай за першыя 100 дзён вайны, апублікаваны 4 чэрвеня.

Там бачна, што для Янкі і «Тытану» сабралі 15,5 тысяч еўра на машыну «Ford Ranger» (машына дастаўленая), яшчэ 10,8 тысячы еўра на «Mitsubishi Pajero» для яго ж (пазначана як «у працэсе дастаўкі») і 645 еўра на двухярусныя ложкі для яго ж («у працэсе дастаўкі»), а таксама 8,4 тысячы еўра на «Nissan Navara» для атраду імя Ліцвіна (машына дастаўленая) і 2300 еўра на матэрыяльную дапамогу атраду Ліцвіна. Для палка Каліноўскага, сцвярджаецца ў справаздачы, былі дастаўленыя таксама 100 турнікетаў, 15 заплечнікаў і 20 шлемаў (у межах збораў на розныя атрады і ініцыятывы). Іншых збораў для палка Каліноўскага фонд не ладзіў – але ладзіў для іншых украінцаў і беларусаў на вайне ва Украіне.

Стрыжак пазней апублікаваў запрашэнне прадстаўнікоў палка Каліноўскага на «адкрытую і шчырую размову»:

Гэта не першы канфлікт вакол палка Каліноўскага і грошай. Нядаўна Беларускі дом ва Украіне раскрытыкаваў BYSOL за збор грошай на групу авіявыведкі для беларускіх добраахвотнікаў палка «Пагоня», бо нібыта «СБУ, ГРУ, а таксама ЗСУ не ў курсе аб існаванні гэтага фармавання». Полк Каліноўскага тады заявіў, што «да гэтай сваркі ў лакальным чаце не мае адносінаў», хоць канал Беларускага дому ва Украіне звязвалі з байцом палка Радзівонам Батуліным.

Каментар
Беларускі дом ва Украіне раскрытыкаваў BYSOL за збор на авіявыведку. Спрабуем разабрацца
2022.07.04 18:50

У траўні адбыўся канфлікт вакол згаданага атраду Ліцвіна ў Адэсе. Тады полк Каліноўскага заявіў, што «ніякага атраду Ліцвіна няма», бо хтосьці «злоўжывае даверам дыяспары і проста складуе валанцёрскую дапамогу», «марадзёрствуе». Полк таксама заявіў, што «паглынуў» атрад імя «Ліцвіна». Але прадстаўнікі атраду заяўлялі, што байцы палка Каліноўскага ўчынілі ім допыт, пабілі камандзіра атраду, здабылі доступ да Telegram-каналу атраду імя «Ліцвіна» і там «абвясцілі» роспуск.

Баец атраду імя Ліцвіна, які пазней загінуў у аўтакатастрофе, Дзмітрый Воўк казаў «Белсату»: ляжалі яшчэ не разабраныя рэчы, што планавалі выкарыстаць, калі беларусам нарэшце дазволяць уступіць у тэрытарыяльную абарону. Украінская паліцыя, адзначаў ён, не пабачыла «марадзёрства» ў дзеяннях атраду імя «Ліцвіна». Матывам дзеяння каліноўцаў маглі быць асабістыя прэтэнзіі да аднаго з удзельнікаў, меркаваў Дзмітрый.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў