«Мы вас не пыталі». Як Мінфін Беларусі адрэагаваў на абвяшчэнне дэфолту – і што будзе далей


Раней рэакцыя была крыху іншай: «Гэта не ў нас дэфолт, а ў заходняй інфраструктуры дэфолт».

Міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў.
Фота: Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва «Moody’s» 15 ліпеня абвясціла пра дэфолт Беларусі ў еўрааблігацыях: Беларусь не выканала ўмоваў выплаты, бо прапанавала рублі замест валюты, на якую дамаўляліся.

Што здарылася

Тэхнічны дэфолт адбыўся яшчэ раней – цяпер жа гэта прызнала адно з рэйтынгавых агенцтваў «вялікай тройкі» (два іншыя – «Standard & Poor’s» і «Fitch Ratings», на рэйтынгі «вялікай тройкі» абапіраюцца інвестары). І, магчыма, тэхнічны дэфолт у Беларусі быў двойчы за гэты год.

Hавiны
Агенцтва «Fitch» панізіла рэйтынг Беларусі да пераддэфолтнага
2022.07.08 10:57

28 чэрвеня ўрад і Нацбанк прапанавалі беларускія рублі на рахунак у «Беларусбанку» тым, хто хоча атрымаць грошы паводле еўрабондаў. У зрыве выплатаў у дамоўленым фармаце звінавацілі амерыканскі «Citibank», бо той не перавёў некаторым пакупнікам еўрабондаў належных сумаў у доларах ЗША. Прычынай гэтага можа быць тое, што некаторыя інвестары з Беларусі і Расеі могуць быць пад санкцыямі.

А ў красавіку Савет Міністраў і Нацыянальны банк Беларусі прынялі пастанову, у якой замацавалі разлікі за крэдыты Міжнароднага і Еўрапейскага банкаў рэканструкцыі і развіцця, а таксама Паўночнага інвестыцыйнага банку ў беларускіх рублях. Чым скончылася тая гісторыя, дагэтуль невядома: ніхто не скардзіўся публічна, гучных скандалаў не было – магчыма, абавязкі тады ўсё ж выканалі.

Hавiны
Зноў тэхнічны дэфолт? Ці праўда ён адбыўся і чым гэта пагражае Беларусі
2022.06.30 08:00

Як рэагуюць беларускія ўлады

На паведамленні пра тэхнічны дэфолт у канцы чэрвеня адрэагаваў міністр фінансаў Беларусі Юрый Селіверстаў. Ён казаў, што вінаваты «Citibank», бо той мусіў перадаць выплаты ў міжнародныя клірынгавыя сістэмы, тыя – далей паводле ланцужку. Але «ў Мінфін пачалі паступаць шматлікія звароты ўладальнікаў каштоўных папераў аб неатрыманні або атрыманні ў няпоўным аб’ёме належных выплатаў». Чаму беларускі бок не паклапаціўся, каб грошы інвестарам дайшлі праз надзейныя шляхі, ён не тлумачыў.

На сённяшняе паведамленне «Moody’s» адрэагавала прэс-рэлізам Міністэрства фінансаў Беларусі. Яно згадала, што ў 2018 годзе разарвала дамову з «Moody’s», таму «рэйтынгавыя дзеянні не запытваліся беларускім бокам», а агенцтва зрабіла высновы «без адзінага ўдакладняльнага пытання на адрас Міністэрства фінансаў».

«На нашую думку, у ацэнках прысутнічае перадузятасць, дакладнае і прадказальнае прытрымліванне агенцтвам генеральнай лініі ў абгульванні дэфолту, – піша Мінфін. – Пазіцыі беларускага суверэннага эмітэнта і ўладальнікаў еўрабондаў, якія не атрымалі ў лютым выплатаў паводле еўрабондаў праз дзеянні заходніх разлікова-клірынгавых сістэмаў, нікога не цікавяць».

Мінфін па-ранейшаму вінаваціць «Citibank» у тым, што грошы не дайшлі да інвестараў. Дзеянні «Moody’s», піша міністэрства, «носяць правакацыйны характар ​​і накіраваныя на штучнае стварэнне шокаў і хваляванняў вакол еўрааблігацыяў Рэспублікі Беларусь». Галоўнае, лічыць Мінфін, не выкананне ўсіх умоваў дамоўленасцяў, а «права ўладальніка на атрыманне выплатаў паводле еўрааблігацыяў» (хай сабе і ў беларускіх рублях на рахунак «Беларусбанку»).

Hавiны
Мінфін: «Дэфолт не станецца вялікай праблемай»
2022.04.24 22:18

Што зараз будзе

Старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна тлумачыла «Белсату»: хай сабе Беларусь пад заходнімі санкцыямі і не атрымае крэдытаў ад Захаду, але ж дэфолт – «гэта знак не толькі для заходніх інвестараў, а для ўсяго свету, у тым ліку для больш прыязных да Беларусі краінаў». А адзіны патэнцыйны крэдытор Беларусі цяпер – Расея.

Zerkalo.io адзначае, што Менск пайшоў на тэхнічны дэфолт дзеля ўсяго толькі 22,9 млн долараў: столькі мусілі выплаціць у валюце паводле еўрааблігацыяў «Belarus-27» (а прапанавалі замест гэтага беларускія рублі).

Эканаміст Леў Львоўскі расказаў у каментары выданню: нават калі Беларусь зробіць наступныя выплаты ў доларах, як дамаўляліся, гэта не зменіць сітуацыі. Нават калі ў Беларусі зменіцца ўлада, «значная частка інвестараў не будзе разбірацца, з якой прычыны абвяшчаўся дэфолт, хто быў ва ўладзе і што змянілася з тых часоў». Ён лічыць, што 22,9 млн долараў былі «не вартыя страты міжнароднага рэйтынгу, нават калі на гэты момант ніхто не хоча нам пазычаць».

Reform.by са спасылкай на Львоўскага тлумачыць: можа нават адбыцца так, што «які-небудзь умоўны казахстанскі банк не зможа даць пазыку беларускаму банку праз тое, што Беларусь трапіла ў стан дэфолту».

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў