Навошта Польшча ўзбройвае Украіну?

Нядаўна Кіеў і Варшава падпісалі найбуйнейшы за дзесяцігоддзі кантракт на пастаўку ўзбраення.

Звычайна падрабязнасці падобных кантрактаў падчас узброеных канфліктаў не разгалошваюцца са зразумелых прычынаў. Можам толькі здагадвацца, якое дакладна ўзбраенне набывае альбо атрымлівае Украіна з Захаду, гледзячы на прадукцыю вайсковай прамысловасці ў канкрэтных краінах. Часам Кіеў наўпрост кажа, якая дакладна зброя патрэбная, часам гэтую інфармацыю выдаюць урады еўрапейскіх краінаў. У польскім грамадстве падтрыманне Украіны ў вайне з Расеяй настолькі вялікае, што дачыненні з Кіевам сталіся ўжо часткай і ўнутранага парадку дня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. У гадавіну заканчэння Другой сусветнай вайны дэманстранты прайшлі маршам да амбасады Расеі ў знак пратэсту супраць агрэсіі ва Украіне. Варшава, Польшча. 8 траўня 2022 года.
Фота: Wojciech Krynski / Forum

Кампанія перад парламенцкімі выбарамі 2023 года ўжо пачалася ў Польшчы. На мінулым тыдні кіраўнік ураду Матэўш Маравецкі паехаў у гуту Сталёва Воля і там заявіў, што Польшча падпісала з Украінай найбуйнейшы зброевы кантракт за апошнія трыццаць гадоў. Гаворка пра 50 штук польскіх самаходных гаўбіцаў «Краб» (155-мм калібру, далёкасць паражэння – 40 км), вартасць кантракту – 3 млрд злотых (каля 680 млн долараў). Хто за гэта заплоціць? Маравецкі кажа, што частку грошай Кіеў атрымае на гэта ад Еўразвязу, а часткова прызначыць з украінскага бюджэту. У Варшаве прызнаюць, што кантракт выгадны Польшчы, бо дапаможа развіваць уласную прадукцыю гаўбіцаў.

Нядаўна міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў паведаміў, што 18 польскіх «Крабаў» ужо перадалі на фронт. Паводле яго слоў, Кіеў дамовіўся пра пастаўку 150 гаўбіцаў 155-міліметровага калібру з Захаду, а гэта значыць, што больш за палову з іх – польскія. Раней паведамлялася пра пастаўкі шасці французскіх гаўбіцаў Сaesar. А таксама пра брытанскія M777 ці нарвежскія М109А3, але іх колькасць не ўдакладнялася.

У сваю чаргу бескаштоўная польская вайсковая дапамога Украіне ўжо перавышае 2 млрд долараў. Раней Польшча перадала 240 савецкіх танкаў Т-72 і каля 100 бронетранспарцёраў. Наўзаем Варшава спадзявалася атрымаць нямецкія танкі Leopard. Некалькі дзён таму пра гэта паведаміў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Ён тлумачыў, што Польшча разлічвала ўсяго на некалькі старэйшых танкаў Leopard, каб іх пазней мадэрнізаваць. Але пакуль Варшава не дачакалася і гэтага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Польскія самаходныя гаўбіцы «Краб».
Фота: Jarosław Roland Kruk / Wikipedia

Навошта Польшча ўзбройвае Украіну? Афіцыйная і неафіцыйная пазіцыі Варшавы тут не адрозніваюцца. Усе выдатна разумеюць, што нельга дапусціць перамогі Расеі ва Украіне, асабліва пасля абвешчаных Пуціным ультыматумаў адносна вяртання NATO да межаў 1997 года. Тут усё ясна – чарговымі будуць Польшча і краіны Балтыі. Мяжу з Беларуссю Польшча ўжо трактуе як патэнцыйны кірунак расейскай агрэсіі, як і мяжу з Калінінградскай вобласцю. Таму Украіна для польскай бяспекі мае фундаментальнае значэнне.

І выглядае на тое, што пераважная большасць палякаў гэта разумеюць. Паводле апошняга апытання, праведзенага цэнтрам «Social Changes», ажно 61 % палякаў падтрымлівае перадачу Украіне танкаў і гаўбіцаў, 23 % апытаных супраць, а 16 % не маюць меркавання на гэты конт. Што цікава, тыя палякі, якія ўхваляюць вайсковае падтрыманне Украіны, маюць зусім розныя палітычныя погляды. Адныя падтрымліваюць кіроўную кааліцыю на чале з Партыяй Права і Справядлівасці, іншыя – апазіцыю на чале з Грамадзянскай Платформай, а прыхільнасці трэціх на баку адносна маладога Руху «Польшча 2050». Расейская агрэсія ва Украіне ў пэўным сэнсе аб’яднала палякаў.

 

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў