Беларусь «узмацняе мяжу» з Украінай, пачала чарговыя вучэнні. Але наўрад ці ўвядзе войскі ва Украіну


Захоўваецца небяспека ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі, але ўвод беларускіх войскаў ва Украіну лічаць малаімаверным праз пагрозу новых пратэстаў і санкцыяў, а таксама слабасць беларускага войска.

Беларускія вайскоўцы «выконваюць задачы ва ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы». 10 чэрвеня 2022 года.
Фота: Максим Гарлукович / Ваяр

Ад 14 да 16 чэрвеня ў Беларусі трываюць камандна-штабныя вучэнні з органамі вайсковага кіравання, вайсковымі часткамі і арганізацыямі тылавога забеспячэння. За тыдзень да іх беларускае войска ладзіла вучэнні ў пераходзе з мірнага часу на ваенны.

Інстытут даследаванняў вайны са Злучаных Штатаў мяркуе, што, нягледзячы на вучэнні, Беларусь наўрад ці ўступіць у вайну на баку Расеі. Гэта тлумачаць пагрозай пратэстаў у Беларусі, імавернасцю яшчэ больш жорсткіх санкцыяў і тым, што беларускія войскі будуць «вельмі неэфектыўнымі» супраць украінскіх, а «якасць беларускіх войскаў застаецца нізкай».

Разам з тым беларускія вайскоўцы «выконваюць задачы ўзмацнення Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з Украінай» – але на мяжу збіраюцца запрасіць замежных ваенных аташэ, паведаміў начальнік дэпартаменту Міжнароднай ваеннай супрацы Валерый Равенка.

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны адзначае, што «да сямі батальёнаў» Узброеных сілаў Беларусі на валынскім і палескім напрамках «засяроджваюць асноўныя высілкі на вядзенні выведкі, інжынерным абсталяванні пазіцыяў». Пагроза новых ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца, лічыць Генштаб ЗСУ.

Мапа вайны ва Украіне на 15 чэрвеня ад Інстытуту даследаванняў вайны:

Паводле Генштабу ЗСУ, трываюць баі ў Севераданецку і Тошкаўцы на Данбасе, каля Рубежнага на харкаўскім напрамку, расейскія войскі спрабуюць не пусціць украінцаў да мяжы на Харкаўшчыне, робяць спробы прасунуцца на Славянск і вядуць наступ у напрамку Краснаполля на Данеччыне. Расея, піша ЗСУ, за апошні час абстраляла цывільную інфраструктуру на харкаўскім, славянскім, данецкім, ліманскім, севераданецкім, бахмуцкім, паўднёвабужскім ды іншых напрамках. Але расейскі наступ на Мікалаеў «захлынуўся», піша Генштаб ЗСУ.

Як сцвярджае ўкраінскі бок, Расея страціла ўжо каля 32 750 вайскоўцаў, амаль паўтары тысячы танкаў і больш за 3500 бронемашынаў, сем сотняў артылерыйскіх сістэмаў і дзве сотні рэактыўных сістэмаў залпавага агню, па дзве сотні самалётаў і верталётаў, амаль шэсць сотняў беспілотнікаў, 13 караблёў.

Ад расейскага абстрэлу «Ураганамі» гораду Апосталава ў Днепрапятроўскай вобласці ў ноч на 15 чэрвеня загінулі чатыры асобы.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе Карым Хан прыбыў у Харкаў, каб на ўласныя вочы пабачыць шкоду ад расейскага нападу.

Брытанская выведка заўважае, што расейская тактыка артылерыйскіх абстрэлаў нанесла вялікую шкоду Севераданецку, але праз месяц з гакам баёў расейцы кантралююць большую частку зруйнаванага гораду. Абаронцы Севераданецку хаваюцца на хімзаводзе «Азот», што не дае Расеі перакінуць войскі на іншы напрамак. Расея, мяркуе Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі, не чакала такога супраціву і такога павольнага прасоўвання.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў