Па падазрэнні ў падпале дзвярэй Магілёўскага інстытуту МУС затрымалі мясцовага жыхара


27-гадовы жыхар Магілёва падчас допыту прызнаўся, што ўначы 10 чэрвеня гэтага года ён кінуў бутэльку з гаручым рэчывам ва ўваходныя дзверы інстытуту МУС, паведамляе Следчы камітэт. Свае дзеянні маладзён патлумачыў «уплывам дэструктыўных Telegram-каналаў».

Магілёўскі інстытут МУС.
Фота: Следчы камітэт / Telegram

Паводле прэс-службы Следчага камітэту, мужчына стаіць на ўліку ў псіхіятра, раней ён праходзіў прымусовае лячэнне.

Цяпер з магілёўцам праводзяцца следчыя дзеянні. Распачатая крымінальная справа паводле ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэксу Беларусі («Асабліва злоснае хуліганства»), ч. 2 арт. 218 («Наўмыснае знішчэнне маёмасці агульнанебяспечным спосабам»), ч. 1 арт. 295-3 («Незаконныя дзеянні ў дачыненні прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў»).

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў