Дэлегацыя Беларусі ўзяла ўдзел у цырымоніі з нагоды вызвалення канцлагеру Маўтгаўзэн


Беларусы ўзялі ўдзел у міжнароднай цырымоніі з нагоды 77-й гадавіны вызвалення канцлагеру Маўтгаўзэн. Беларускую дэлегацыю ўзначаліў кіраўнік НАУ Павел Латушка, паведамляе тэлеграм-канал Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.

Арганізатары цырымоніі не запрасілі да ўдзелу прадстаўнікоў амбасады Беларусі ў Аўстрыі з прычыны суўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны.

Дэлегацыю Беларусі на запрашэнне арганізатараў рэпрэзентавалі Павел Латушка, народныя пасольствы Беларусі ў Аўстрыі і Славеніі, беларуская дыяспара.

Дэлегацыя Беларусі прайшла пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам і ўсклала вянок да помніку ахвярам канцлагеру.

«У канцлагеры нацысты ўтрымлівалі палітвязняў, што надае асаблівы сімвалізм удзелу прадстаўнікоў Беларусі ў цырымоніі. Сярод закатаваных у засценках былі і беларусы», – зазначае НАУ.

Адбылася таксама гутарка Паўла Латушкі са старшынём Міжнароднага фонду мемарыялу Вілі Мэрным (Willy Mernyi), які адзначыў, што выступае за неадкладнае вызваленне 1200 палітвязняў у Беларусі і абураны арыштамі сябраў незалежных прафсаюзаў.

На дзень 15 траўня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1200 чалавек.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў