«Атрымоўваецца заганнае кола». Як страйкоўца «Беларуськалію» не звальняюць ужо 8 месяцаў


Глеб Сандрас адзін з першых далучыўся да страйку на «Беларуськаліі». Праз сваю актыўнасць хлопец быў вымушаны з’ехаць за межы Беларусі. Хоць ён ужо 8 месяцаў не ходзіць на працу, яго не звальняюць і нават налічваюць нейкія грошы. Як так атрымалася, ён распавёў «Белсату».

Глеб Сандрас, Вільня, 15 красавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Актывіст прафзвязу

Амаль што былы супрацоўнік «Беларуськалію» Глеб Сандрас бастуе ўжо 8 месяцаў, але звольніць з прадпрыемства яго не могуць. Чаму? Рэч у тым, што ён яшчэ і актыўны ўдзельнік незалежнага прафзвязу – ён уваходзіць у раду прадстаўнікоў незалежнага прафзвязу гарнякоў. А на «Беларуськаліі» ён працаваў на 1-м рудаўпраўленні – запраўляў самаходную тэхніку і рабіў справаздачу аб дызельным паліве.

«У нашай калектыўнай дамове ёсць пункт аб тым, што на працоўных, якія займаюць абраную пасаду ў любым прафзвязе «Белкалію», праўладным або незалежным, не можа быць накладзенае дысцыплінарнае спагнанне без згоды прафзвязу. Я як раз і падпаю пад гэты пункт», – тлумачыць Глеб.

Глеб Сандрас, Вільня, 15 красавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

На практыцы гэта выглядае так: чалавек не ходзіць на працу, і на яго мусіць быць накладзенае дысцыплінарнае спагнанне і, як вынік, звальненне. Але згоду на звальненне мусіць даць прафзвяз. І атрымоўваецца заганнае кола: працадаўца не можа звольніць, а прафзвяз не пагаджаецца на звальненне сваіх чальцоў. У дадатак ім нават плоцяць заробак, праўда, сумы атрымліваюцца зусім капеечныя.

Не шчыліна, але прэцэдэнт

Гэткую сітуацыю Глеб называе не шчылінай, але прэцэдэнтам. Але хутка яна можа перастаць працаваць – у чэрвені канчаецца тэрмін дзеяння калектыўнай дамовы.

«Калі першы раз была спроба мяне звольніць, высветлілася гэтая юрыдычная калізія. Дырэктар «Беларуськалію» не ведаў, што рабіць. На дадзены момант проста не існуе іншага механізму. Была зробленая спроба звярнуцца ў галоўны офіс Незалежнага прафзвязу гарнякоў. Там сказалі, што можаце звальняць без згоды, але наймальнік сказаў, што не будзе парушаць закону. Чамусьці яны тут вырашылі быць акуратнымі, – зазначае Сандрас. – Магчыма, быў ціск з боку «Yara International» (нарвежская кампанія, адзін з асноўных кліентаў «Беларуськалію». – belsat.eu). А можа, думаюць наперад: рэжым зменіцца, і трэба будзе адказваць за свае дзеянні. Праўда, потым гендырэктар заявіў, што калі прафзвяз не дасць згоды, то ягоныя працаўнікі будуць пазбаўленыя прэміі».

Глеб Сандрас, Вільня, 15 красавіка 2021 г.
Фота: ГР / Белсат

Глеб дзякуе прадстаўнікам прафзвязу на сваім рудаўпраўленні за прынцыповасць. На жаль, на іншых рудніках такой маналітнасці не было.

«1-ае РУ, дзе я працаваў, мае сваю пазіцыю. Разумееце, прафзвяз – гэта перадусім людзі, а людзі розныя. У кагосьці пазіцыя больш цвёрдая і непахісная, хтосьці больш баіцца», – падкрэслівае ён.

Цяпер на ягоным рудніку яшчэ 5 чалавек па-ранейшаму лічацца на прадпрыемстве, хоць фактычна таксама ўжо даўно не працуюць. Такая сітуацыя ёсць не толькі на «Беларуськалію», але і на «Нафтане».

«Я ведаю, што на «Нафтане» толькі адзін чалавек са стачкі звольнены, а рэшта – не. Тамашняе кіраўніцтва таксама звярталася ў прафзвяз, але ім адмаўлялі. Казалі: «Шукайце гэтых людзей самі і патрабуйце ад іх тлумачэнняў, чаму яны не ходзяць на працу».

Hавiны
«Я буду стаяць да канца». Інтэрв’ю з лідарам забастоўкі на «Беларуськаліі»
2020.08.19 19:29
  • Страйк на «Беларуськаліі» – адзін з найбуйнейшых і найбольш актыўных на беларускіх прадпрыемствах. Цяпер страйкуюць 140 чалавек.
  • У лістападзе на прадпрыемстве за стачку звольнілі 49 чалавек.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў