Падчас прымеркаванай да 30-годдзя Канстытуцыі сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў 2020 годзе яму дапамог утрымаць уладу толькі Бог, але цяпер сітуацыя яшчэ больш небяспечная.
Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі не ўпершыню выказаў нічым не абгрунтаваную думку, што калі б ён страціў уладу ў 2020 годзе, то паміж Расеяй і Захадам распачалася б ядравая вайна.
«Бог нам дапамог у 2020 годзе. Калі б мы тады не выстаялі, тут была б вайна. Яны б сюды зацягнулі войскі NATO. Уявіце рэакцыю Расеі: каля Смаленску – войскі NATO. Гэта ж ядравая вайна была б, – цытуе Лукашэнку БелТА. – Мы выстаялі. Бог дапамог. Не прэзідэнт, які бегаў з аўтаматам там, з дзіцем… Ніхто. Бог – ён нас проста абараніў.
Сёння яшчэ больш небяспечная сітуацыя. Больш небяспечная тым, што мы яе не бачым. Напалову не бачым. І я ў тым ліку, маючы большы абʼём інфармацыі. Таму трэба акуратна. Ідзём па тонкім лёдзе. Лішні няправільны крок – правалімся. Нас ніхто не ўратуе».
Лукашэнка таксама выказаўся наконт працы Усебеларускага народнага сходу, які, згодна з новаю версіяй Канстытуцыі, надзелены вялікім паўнамоцтвамі. Паводле яго, варта пазбегчы канфлікту паміж УНС і кіраўніком дзяржавы:
«Прэзідэнту, які б там ні быў прэзідэнт, давядзецца лічыцца з пастановамі, вынесенымі на Усебеларускім народным сходзе. Маё цяпер заданне – не дапусціць канфлікту гэтага. У гісторыі было заўсёды так – канфліктавалі. А нам нельга дапусціць гэтага».
Лукашэнка падкрэсліў, што УНС мусіць «акуратна» знайсці сваё месца ў грамадскім ладзе Беларусі, «не перашкаджаючы прэзідэнту».
Нагадаем, што УНС паводле новай Канстытуцыі мае статус найвышэйшага прадстаўнічага органу народаўладдзя. Згодна з законам, УНС можа нават адправіць у адстаўку прэзідэнта ў выпадку сістэматычнага грубага парушэння ім Канстытуцыі або ўчынення дзяржаўнай здрады ці іншага цяжкага злачынства.
Глеб Нержын belsat.eu