Затрыманых на антываенных акцыях збівалі, катавалі і залівалі газам


Затрыманыя падчас антываеннай акцыі 27 лютага выходзяць на волю пасля адміністратыўнага арышту. Людзі распавядаюць пра нечалавечыя ўмовы і здзекі ў ізалятары ў Жодзіне, піша радыё «Свабода».

Паводле праваабаронцаў, 27 лютага падчас антываеннай акцыі затрымалі больш за 800 асобаў. Большасць атрымалі пакаранне ў выглядзе 15 содняў адміністратыўнага арышту. Людзі адбывалі пакаранне ў ізалятары ў Жодзіне, і яны кажуць пра здзекі і катаванні.

«Прымалі нас там даволі жорстка – білі, але не скажу, што моцна. Неяк слаба. Больш, каб застрашыць. Размаўлялі яны мацюкамі. Крычалі на нас рознае, у тым ліку і: «Дзе вы былі восем гадоў, калі нашых людзей забівалі на Данбасе?» У камеры на чатырох нас было 16 чалавек – роўна ў чатыры разы больш. Камера была 12 квадратных мэтраў. Значыць, на чалавека не было і мэтра. Натуральна, ані перадачаў, ані падушак, бялізны, матрацаў. Не было нават туалетнай паперы. Ваду пілі з-пад крана», – кажа жыхар Менску.

Катаванні і збіццё сілавікі працягвалі нават уначы.

«Сярод ночы выцягвалі людзей з камераў – тых, якія ці абураліся раней, ці скардзіліся, ці проста ім не падабаліся, адводзілі ў душ і білі там. Да нас уварваліся ўначы, паклалі тварамі ў падлогу, бегалі па нас, тапталіся, білі. Але было адчуванне, што рабілі гэта не на ўсю моц, а так, быццам адпрацоўвалі ўказанне зверху. Крычалі, абражалі… Такое адчуванне было, што гэта нейкая калгасная бойка», – кажа вязень.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Vadim Rymakov / TASS / Forum

Яшчэ адзін затрыманы пасля адміністратыўнага арышту распавядае, што ў камеры ў Жодзіне, якая разлічаная на 8 асобаў, сядзелі 32.

«Ні матрацаў, нічога. Жалезныя нары, халодная падлога кафляная. Стаялі, сядзелі, спалі па чарзе. Туалетную паперу далі адзін раз. Другі раз у якасці яе далі газету «СБ. Беларусь сегодня». Канвойныя былі ў балаклавах. Калі ім нехта не падабаўся, выводзілі ўначы і білі. Ім не падабаліся тыя, хто абураўся, не падабаліся тыя, хто меў пафарбаваныя валасы ці быў спартоўцам, ці выхаваным чалавекам. Яны і маральна здзекаваліся, і білі. Прымушалі прысядаць, скакаць. Неяк нас павялі ў душ – 60 чалавек на 4 кабінкі, з кавалачкам мыла. Вада была халаднаватая. Мы там таўкліся, аж канвойны адкрыў душ і заліў нас газам. Ён нічога не тлумачыў. Можа быць, мы шумелі, і яму не спадабалася. У людзей пякло ў вачах, яны кашлялі, некаторыя атрымалі апёкі», – кажа былы вязень.

Ён лічыць, што ў міліцыянтаў ужо склалася нейкая класавая нянавісць да затрыманых.

«Сябе яны лічаць прывілеяванай кастай. Лічаць, што ім усё дазволена. Яны б’юць людзей праз асабістую непрыязь, гэта такі «мусорской беспредел». Нам было цяжка, бо мы не ведалі ніякіх навінаў. Але разумелі: калі б на вайне адбылося нешта такое, што іх парадавала б, то яны б абавязкова данеслі гэта нам, каб паздзекавацца. Яны стараюцца зламаць чалавека, прынізіць – для іх гэта задавальненне. Але мы ўсміхаліся, падтрымлівалі адзін аднаго, а яны моцна на гэта злаваліся», – расказаў мянчук.

Пасля адбыцця адміністратыўнага арышту міліцыянты не вярталі ўсіх адабраных рэчаў, прычым, у некаторых забіралі не толькі вопратку, але і ноўтбукі.

Гісторыі
Журналіст Зміцер Лупач пра пчол, КДБ і пра тое, як на чужыне адбівацца ад адчаю
2022.03.14 07:30

АУ belsat.eu

Стужка навінаў